Мiншчына 15 снежня

Дэлегацыя Чалябінскай вобласці – на Міншчыне
Госці наведалі агракамбінат «Дзяржынскі».
Супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам пачалося 14 год таму, калі быў падпісаны адмысловы дагавор і пагадненне паміж Мінаблвыканкамам і ўрадам Чалябінскай вобласці. Сёлета рэгіёны нагандлявалі на 17 мільёнаў долараў. І гэта – амаль на 20% больш, чым летась. Міншчына прадавала грузавыя аўтамабілі, запчасткі, тэхналагічнае абсталяванне, купляла метал і вырабы з яго.
У Беларусь прыйшлі моцныя маразы
У сувязі з гэтым Дзяржаўтаінспекцыя сталічнай вобласці заклікае кіроўцаў да асаблівай ўважлівасці і асцярожнасці. І нагадвае, што пры тэмпературы -15 – -20 пясчана-саляная сумесь «спрацоўвае» слаба. Таму трэба пазбягаць рэзкіх манеўраў і вялікай хуткасці.
Асобныя рэкамендацыі кіроўцам дызельнага транспарту. Неабходна выбіраць толькі зімовы від паліва, а лепш - адмовіцца ад паездак.
Аграрыі Мінскай вобласці занепакоены станам азімых
Мароз пры адсутнасці дастатковага снежнага покрыва можа не лепшым чынам адбіцца на раслінах.
Асабліва крытычная сітуацыя — на поўдні сталічнага рэгіёна. Там на палетках увогуле няма снега. Між тым, для азімай пшаніцы -16 — гібель. А для рапсу небяспечны 12 градусаў марозу. Спецыялісты спадзяюцца, што расліны паспелі прайсці «загартоўку» і здолеюць вытрымаць такі «экстрым».
Аблвыканкамам неабходна больш працаваць над выкананнем праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў
Пра гэта заявілі на пасяджэнні прэзідыума Савміна.
Адмысловая дзяржаўная праграма была зацверджана два гады таму. У яе ўключана амаль 40 населеных пунктаў Мінскай вобласці. Галоўнае — забеспячэнне занятасці насельніцтва. І ў першую чаргу — шляхам адкрыцця новых вытворчасцяў. А тут – стаўка на інвестараў і прыватную ініцыятыву. Па выніках рэалізацыі праграмы – а яна, дарэчы, фінішуе ў 2010 годзе — у сталічным рэгіёне павінны ажыццявіць 46 інвестпраектаў на 400 мільярдаў рублёў.
Прыватны інвестар узяўся за аднаўленне сядзібы Ленскіх у Стаўбцоўскім раёне
Вялікі фальварак у вёсцы Сула квітнеў у XVIII стагоддзі. Цяпер ад былой велічы толькі рэшткі засталіся.
Праўда, з'явіўся шанс на новае жыццё. Зараз тут завяршаюць стварэнне турыстычнага комплекса. Гэта будзе тыповы беларускі «фальварак», куды любы жадаючы зможа прыехаць на адпачынак. Першых турыстаў тут чакаюць ужо будучым летам. Практычна гатовы кафэ, канюшня, гасцініца на 8 чалавек. Добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя і зарыблена сажалка.
У планах – стварэнне міні-музея, а таксама аднаўленне старажытнага склепу ў антычным стылі. Мяркуюць тут адкрыць і дзіцячую конную школу. Ад мясцовых уладаў інвестар чакае дапамогі ў рэканструкцыі пад'яздных шляхоў і ўсталяванні інфармацыйных указальнікаў.
Дзяржынская жыллёва-камунальная гаспадарка адзначае юбілей
65 год — за гэты час горад з невялікага мястэчка ператварыўся ў сучасны райцэнтр. Толькі сёлета тут заасфальтавалі больш 10 вуліц і паклалі паўтара кіламетра тратуарнай пліткі.
Зараз на парадку дня ўдзяржынскіх камунальнікаў – выкананне праграмы «Чыстая вада». За пошні час тут запусцілі адразу два аб'екты. Станцыю абезжалезвання і цэх разліву пітной вады. Дарэчы, кошт апошняга — 15 мільёнаў. Мяркуецца, што акупіць яго змогуць праз 5 год. Рэалізоўваць ваду будуць як на Міншчыне, так і ў Брэсцкай вобласці.
На Міншчыне распачаўся дабрачынны праект «Добрае сэрца»
Моладзь сталічнага рэгіёна рыхтуе падарункі для дзяцей, якія вымушаны сустракаць навагоднія святы без бацькоў — у інтэрнатах і прытулках. Сімвал праекта — чырвонае сэрца, якое б'ецца дзеля таго, каб цеплыню і клопат адчулі тыя, каму гэта неабходна. Валанцёры збіраюць цацкі, кнігі, якія перададуць у сацыяльныя ўстановы і ўстановы здароўя. Рыхтуюць творчыя праграмы і канцэрты для дзяцей-сірот, інвалідаў, дзяцей з малазабяспечаных сем'яў. А напярэдадні Калядаў у Барысаве пройдзе абласное свята ў фармаце дабрачыннага нон-стоп марафона.
Светлы падарунак для праваслаўных Мар'інай Горкі
Новы храм у гонар Святога Благавернага князя Аляксандра Неўскага прыняў вернікаў. Святочнай падзеі чакалі 8 год. Дарэчы, і грошы на будаўніцтва збіралі ўсёй грамадой. У будучым тут будуць праходзіць не толькі службы. Храм стане вучэбна-асветніцкім цэнтрам. Ужо зараз працуе нядзельная школа для дзецей і дарослых, бібліятэка. У планах — адкрыццё музея «Праваслаўе на Пухаўшчыне».