Сярод затрыманых падчас масавых дэманстрацый у Капенгагене – беларус
Падчас масавых дэманстрацый у Капенгагене, прымеркаваных да Канферэнцыі ААН па змене клімату, што праходзіць тут 7—18 снежня, былі затрыманы каля 1.200 чалавек.
Асноўнае патрабаванне дэманстрантаў — «спыніць міжнародны гандаль кліматам» і пачаць рэальныя дзеянні па яго ратаванні. На думку экаабаронцаў, гэта можна зрабіць, калі ўсе краіны, у першую чаргу развітыя, возьмуць на сябе абавязацельствы па рэальным скарачэнні выкідаў.
Апошнія масавыя арышты адбыліся ў ноч на 15 снежня ў Хрысціяніі — адным з цэнтральных раёнаў Капенгагена. Як паведамілі карэспандэиту ўдзельнікі мірнай акцыі, паліцыя ачапіла кварталы і прымяніла слёзацечны газ. Падставай для разгону прысутных паслужыла барыкада, узведзеная непадалёк невядомымі, як мяркуецца, удзельнікамі «чорнага блока».
Як сцвярджаюць назіральнікі, пры затрыманні паліцыя ўжыла сілу, умовы ўтрымання затрыманых былі кепскімі. 900 чалавек ужо звярнуліся ў праваабарончыя арганізацыі па дапамогу. Шэф паліцыі Капенгагена Пер Ларсен публічна заявіў аб тым, што ўсе арыштаваныя ўжо адпушчаны на волю, застаюцца пад вартай толькі шэсць чалавек, якім будуць прад"яўлены абвінавачанні. Сярод іх, як паведаміў прадстаўнік паліцыі Джоні Лундберг, знаходзіцца адзін беларус.
Ён арыштаваны 13 снежня і да 3 студзеня будзе знаходзіцца пад следствам. Малады чалавек, імя якога не раскрываецца, можа быць абвінавачаны ў тым, што ўдарыў паліцэйскага.