Касірка стала ахвярай раздзяўбайства яе банка?
Міліцыя неаднаразова звяртала ўвагу кіраўніцтва «Абсалютбанка» на неабходнасць узмацнення аховы абменнага пункта каля сталічнага універсама «Аўтазаводскі».
Пра гэта паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
Нагадаем, 10 снежня ў памяшканні гэтага абменнага пункта была па‑зверску забіта 21‑гадовая касір. Злачынцу пакуль затрымаць не ўдалося.
Паводле слоў Ластоўскага, менавіта гэты пункт абмену валюты міліцыя правярала ў сакавіку і 23 кастрычніка, пра што складзены акты, падпісаныя прадстаўнікамі органаў унутраных спраў і «Абсалютбанка». Банкаўскай установе было прапанавана ў мэтах павышэння ступені абароненасці яго аб’екта ўстанавіць сігналізацыю з наступным вывадам на пульт Заводскага аддзела дэпартамента аховы МУС, дадаткова абсталяваць сігналізацыю радыёбірулькай і ўстанавіць сістэму відэаназірання.
Апрача таго, толькі ў кастрычніку менавіта па гэтым абменным пункце супрацоўнік дэпартамента аховы МУС і ўчастковы інспектар міліцыі праводзілі прафілактычныя гутаркі з прадстаўнікамі «Абсалютбанка», сказаў Ластоўскі.
Ён паведаміў, што праверкі пунктаў абменаў валют у горадзе на прадмет іх умацаванасці міліцыя пачала актыўна праводзіць у лютым пасля разбойнага нападу на такі аб’ект у гіпермаркеце «Прастор» на праспекце Дзяржынскага. Высновы і прапановы былі накіраваны ў банкаўскія структуры.
Паводле факта забойства касіра пракуратурай Заводскага раёна Мінска распачата справа на падставе ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса. Па дапамогу ў расследаванні злачынства праваахоўныя органы звярнуліся да грамадзян.