Пракаповіч: У 2010 годзе сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы складзе 1,2 млн. рублёў
У 2010 годзе сярэдняя зарплата ў бюджэтнай сферы складзе прыкладна 1,2 млн. рублёў, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч 14 снежня на нарадзе аб задачах па вырашэнні найбольш актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2010 годзе.
«Для гэтага прадугледжваецца з улікам памесячнай дынамікі даходаў бюджэту павышаць памер тарыфнай стаўкі першага разраду і зарплату з 1 студзеня, з 1 красавіка, з 1 ліпеня і з 1 кастрычніка», — сказаў Пракаповіч. Акрамя таго, пры неабходнасці будзе ажыццёўлена карэкціроўка ў лістападзе і снежні. Прапарцыянальна росту зарплаты будуць павялічаныя пенсіі і дапамогі, заявіў Пракаповіч.
«Ключавы сродак для дасягнення намечаных тэмпаў росту [ВУП на 11—13%] і павышэння заработнай платы — гэта істотна павысіць эфектыўнасць нацыянальнай эканомікі ва ўсіх яе звёнах і на ўсіх узроўнях», — сказаў Пракаповіч.
Прырост рэальнай зарплаты прагназуецца на ўзроўні 14%, рэальных даходаў насельніцтва — 15%, прадукцыйнасць працы — на 10%.
У наступным годзе перавышэнне тэмпаў росту экспарту ў параўнанні з тэмпамі росту імпарту павінна скласці 7%.
Як падкрэсліў Пракаповіч, словы якога прыводзіць прэс-служба прэзідэнта, 2010 год — гэта пачатак карэннай перабудовы і мадэрнізацыі эканомікі краіны.
Асноўнай мэтай павінна стаць дасягненне станоўчага сальда ў знешнім гандлі, адмова ад неабгрунтаванага імпарту, узмацненне экспартнага патэнцыялу. Кіраўнік Нацбанка прагназуе, што станоўчага сальда ў знешнім гандлі можна дасягнуць не пазней за 2014 год. Ён таксама лічыць, што для паспяховага развіцця краіны рост ВУП неабходна планаваць на ўзроўні 11—13% і на працягу наступных пяці гадоў.
Нацбанк абяцае забяспечыць устойлівасць нацыянальнай валюты. Працэнтныя стаўкі па крэдытах плануецца знізіць да 12—15%.
Пракаповіч адзначыў, што паспяховая работа ў 2010 годзе дазволіць Беларусі ўвайсці ў трыццатку лепшых краін па ўмовах вядзення бізнесу, узняцца не ніжэй за 50-ю пазіцыю па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу і замацавацца ў групе найбольш развітых краін.
Кіраўнік Нацбанка заявіў, што ў наступным годзе не плануецца ажыццяўляць знешнія пазыкі на ўзроўні дзяржавы.
***
Паводле звестак Белстата, у студзені—кастрычніку 2009 года сярэдняя зарплата ў ахове здароўя склала 766.935 рублёў, у сферы фізічнай культуры і спорту — 1.276.706, сацыяльнага забеспячэння — 576.913, адукацыі — 689.246, культуры і мастацтва — 722.752, навукі і навуковага абслугоўвання — 1.337.386.