Мiншчына 11 снежня
На Міншчыне чакаюць дэлегацыю Харкаўскай вобласці
Плануецца, што госці 16 снежня наведаюць Нясвіж і падпішуць дагавор аб супрацоўніцтве.
У канцы верасня з візітам на Харкаўшчыне былі прадстаўнікі Мінаблвыканкама. Тады было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзяржынскім райвыканкамам і Чугуеўскай адміністрацыяй.
Сёлета Мінская і Харкаўская вобласці нагандлявалі больш чым на 5 мільёнаў долараў. У аснове беларускага экспарту – цукар, электраабсталяванне, запасныя часткі.
Усяго Міншчына супрацоўнічае з 15 абласцямі Украіны.
Сельгасвытворцы Міншчыны падводзяць вынікі года
У рэгіёне – дні жывёлавода. На парадку дня – надоі, прывагі, добраўпарадкаванне малочных аб'ектаў, і – абавязковы атрыбут падобных мерапрыемстваў – узнагароджванне лепшых працаўнікоў галіны.
А хваліцца ёсць чым. Статак – вырас, вытворчасць мяса – таксама. У лідэрах – Смалявіцкі, Пухавіцкі, Любанскі і Дзяржынскі раёны. У «малочнай тройцы» - Нясвіжчына, Клеччына і Случчына.
З пачатку года ў вобласці надаілі мільён 325 тысяч тон малака. І гэта – амаль на 6% больш, чым летась.
Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі ў вобласці, у Старых Дарогах
Свята – у шматдзетнай сям'і Братоўскіх. Там выхоўваюць чацвёра дзетак, трое з якіх — прыёмныя. Цяпер Братоўскія зажывуць ва ўтульным катэджы плошчай 200 квадратных метраў i знойдуць месца яшчэ для пецярых сірот.
Усяго на Міншчыне — 30 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у якіх дзве сотні малых знайшлі бацькоўскае цяпло і ўвагу. Усяго ў сталічнай вобласці больш за 800 прыёмных сем'яў.
Адмысловы клуб у межах сос-праекта «Ранняе папярэджванне сацыяльнага сіроцтва» з'явіўся ў Пухавіцкім раёне
Клуб працуе з сем'ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. У раёне такіх – паўтары сотні. Клуб аказвае як маральную, так і матэрыяльную падтрымку. У прыватнасці, забяспечвае гуманітарнай дапамогай. Але галоўнае – тут лічаць – псіхалагічная работа. Трэнінгі, заняткі, кансультацыі і забаўляльныя мерапрыемствы – у раскладзе работы клуба.
Шасцікласніца з Пухавіцкага раёна ўдастоена падзякі абласнога ўпраўлення МНС
11-гадовая Валерыя Рытвінская выратавала са сцюдзёнай вады сваю сяброўку. Дзяўчынкі гулялі бліз вадаёма. Вырашылі праверыць трываласць лёду. А ён не вытрымаў, і адна з дзяўчат апынулася ў вадзе. Валерыя не разгубілася — выцягнула сяброўку на бераг.
Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці падводзіць вынікі акцыі «Спыні бяду»
У цэнтры ўвагі — п'яныя кіроўцы. За сем дзён іх выявілі амаль 400 чалавек.
Разам з інспектарамі на дарогах рэгіёна працавалі медыкі. Былі арганізаваны адмысловыя мабільныя пункты, дзе вадзіцелі праходзілі тэст на наяўнасць алкаголю.
Буйную партыю піратэхнікі затрымалі праваахоўнікі Мінскага раёна
Нелегальны тавар знайшлі ў адным з гаражных масіваў сталіцы. На канфіскаваных «атрыбутах свята» не было ні акцызаў, ні рускамоўных інструкцый па выкарыстанні. Па факту «вогненнай кантрабанды» праводзіцца праверка. Праваахоўнікі нагадваюць, што за незаконную рэалізацыю піратэхнікі пагражае штраф да двух мільёнаў рублёў.
Традыцыйная выстава-кірмаш стартавала ў вобласці
Яна адкрывае сезон пераднавагодняга гандлю. Арганізатары – Барысаўскі райвыканкам і Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. На працягу трох дзён прадпрыемствы сталічнай вобласці і іншых рэгіёнаў прапануюць сваю лепшую прадукцыю. Прычым – са зніжкамі!
Не абыйдзецца і без забаваў. Прэзентацыі, конкурсы і дэгустацыі арганізаваны для наведвальнікаў кірмашу.
Абласному цэнтру народнай творчасці – 70
Да юбілею тут падрыхтавалі падарунак – зладзілі выставу «Калядныя ўзоры». Вырабы з гліны, саломкі, бісеру можна будзе ўбачыць ажно да канца траўня. Выстава – даніна традыцыям нашых продкаў.
Сёння на Міншчыне ёсць каля пяці тысяч народных умельцаў, якія працуюць у трыццаці відах мастацтва. Прычым, існуюць такія рамёствы, якія можна назваць эксклюзіўнымі. Напрыклад, шыццё конскім воласам ці пляценне з чароту. 91 майстар рэгіёна – член Саюзу народнай творчасці краіны. Традыцыі прыкладнога мастацтва ёсць каму пераняць. Клубы рамеснікаў – у кожным раёне вобласці.