«Белсату» не далі электрычнасць
Святкаванне двухгоддзя тэлеканала «Белсат» у мінскім клубе «Графіці» сарвалася з-за збою ў электрасетцы, паведаміў прадстаўнік канала Міхаіл Янчук.
Паводле яго слоў, з кіраўніцтвам клуба была дамоўленасць, што яно дасць памяшканне для мерапрыемства. Аднак, калі арганізатары свята прыйшлі да будынка, дзе знаходзіцца клуб, ім паведамілі, што святкаванне немагчымае з-за збою ў электрасетцы. «У нас папрасілі прабачэння, сказалі, што гэта форс-мажорныя акалічнасці, і вярнулі грошы за арэнду», — сказаў Янчук.
Ён зазначыў, што такая сітуацыя была і летась, калі планавалася адзначыць гадавіну канала.
«Аднак тады нас папярэдзілі загадзя, і мы змаглі знайсці альтэрнатыўны варыянт. Цяпер жа пра «збой ў электрасетцы» мы даведаліся за 20 хвілін да пачатку свята», — заявіў Янчук.
Нагадаем, што Міністэрства замежных спраў Беларусі двойчы адмаўляла тэлеканалу ў адкрыцці карпункта. Апошнюю адмову канал атрымаў 8 снежня гэтага года.