Бюджэт‑2010: мільярд дэфіцыту

Источник материала:  
10.12.2009 12:18 — Новости Общества

У сераду Палата прадстаўнікоў прыняла праект бюджэту на 2010 год у першым чытынні, прадстаўлены міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом. Згодна з праектам, наступны год краіна пражыве ў мінус.

Прыбыткі бюджэту чакаюцца ў памеры 53 трлн рублёў, а выдаткі — 55,7 трлн рублёў. Дэфіцыт складзе каля мільярда даляраў.

Краіна аптымістаў

Беларусь будзе трымацца перспектыўнага плану развіцця. Прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі абяцаў прадставіць Лукашэнку два шляхі развіцця эканомікі — збалансаваны і фантастычны. Лепей за ўсё іх характарызуюць паказчыкі росту ВУП: пры першым ён складаў 2—3%, пры другім — 10—11%.

Урэшце, паміж двух варыянтаў быў абраны трэці, яшчэ больш фантастычны. Рост ВУП запланаваны ў памеры 12%. Зрэшты, і на гэты год чакаўся ўпэўнены пад’ём. У выніку за 10 месяцаў года ВУП упаў на 1%…

Падатковая рэформа пойдзе ўверх

Галоўная рэформа, якая прымеркаваная на 1 студзеня 2010 года, закранае падатковую сістэму. З Новага года адбудзецца павелічэнне стаўкі падатку на дададзеную вартасць з 18% да 20%.

Размовы пра павелічэнне ПДВ ажно да 22% хадзілі яшчэ ўлетку. Тады прэм’ер Сідорскі і банкір Пракаповіч праінфармавалі пра гэта Міжнародны валютны фонд і атрымалі ўхвалу. Увосень у МВФ адправіўся чарговы ліст, дзе планаваная стаўка павялічвалася толькі да 21%. Не ўсе прадстаўнікі ўлады падтрымліваюць рэформу — напрыклад, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Анфімаў заяўляў, што праводзіць эканамічныя эксперыменты немэтазгодна. Цяпер да ідэі зноў вярнуліся, няхай і палавінчата.

Разам з тым будуць адмененыя некаторыя падаткі. Знікнуць мясцовыя падаткі на продаж, падаткі на продаж аўтатранспартных сродкаў і збор за карыстанне паркоўкамі. Мінфін выстаўляе ўладу альтруістамі — загадкавым чынам за кошт рэформы бюджэт недаатрымае 225 мільёнаў даляраў.

Перавага ПДВ у лёгкасці збору. Ад яго, у адрозненне ад іншых падаткаў, схавацца амаль нерэальна. Падатак уніфікаваны і дае пастаянны прыбытак бюджэту ў больш чым 150 краінах свету.

Найбольш адчувальны ўдар у выніку будзе нанесены па малым бізнэсе, які мае вялікую долю дададзенай вартасці. Раней прадпрыемствы выплачвалі падатак з продажу, атрымаўшы грошы ад пакупнікоў. Цяпер прыйдзецца плаціць дзяржаве яшчэ да таго, як тавар трапіць на рынак. Кампаніям давядзецца шукаць дадатковыя абаротныя сродкі. У выніку цэны могуць вырасці.

Падатак на дададзеную вартасць у розных краінах

Польшча — 22%
Латвія — 21%
Літва — 21%
Украіна — 20%
Беларусь — 20% (замест 18%)
Расія — 18%
Казахстан — 12%

Не пабагацеем, але і не збяднеем

Заробкі ў 2010 г. будуць спрабаваць утрымацца на цяперашнім узроўні. Іх павелічэнне павінна скласці 8%, на столькі ж прагназуецца і інфляцыя.

Выдаткі на сацыяльныя патрэбы грамадства вырастуць на 15% у рублёвым выражэнні. Пры гэтым у даляравым выражэнні яны зменшацца прыкладна на 20%. На адукацыю будзе выдзелена 7,6 трлн. рублёў. На ахову здароўя — 5,6 трыльёна.

Надыходзіць час аддаваць пазыкі. На абслугоўванне дзяржаўнага доўгу ў 2010 годзе выдаткоўваецца амаль паўмільярда даляраў. Летась было на 36% менш.

Урад спадзяецца, што парламентарыі паспеюць прыняць дакумент да канца года. Мяркуецца, што ў першым чытанні праект будзе разгледжаны 9 снежня, а праз дзень — у другім.

←Первый снег - это не только новогоднее настроение, но и проблемы на дорогах.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика