Кіраўнік Еўрапарламента заклікае ўлады Беларусі не дапускаць выкраданняў моладзевых актывістаў
Старшыня Еўрапарламента заклікаў беларускія ўлады не дапускаць паўтарэння выкраданняў актывістаў дэмакратычнай апазіцыі. З такой заявай Ежы Бузек выступіў 8 снежня.
За апошнія дзесяць дзён у цэнтры Мінска невядомымі былі схопленыя тры маладзёжныя актывісты.
Увечары 27 лістапада быў выкрадзены Уладзімір Лемеш, якога вывезлі за горад і пакінулі за 25 кіламетраў ад Мінска, папярэдне адабраўшы мабільны тэлефон. 5 снежня такім жа чынам быў схоплены лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч — яго пакінулі ў лесе Лагойскага раёна Мінскай вобласці. 7 снежня за межы горада гвалтоўна вывезлі каардынатара грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля.
Кіраўнік Еўрапарламента асудзіў гэтыя факты і заклікаў улады Беларусі знайсці і пакараць вінаватых.
«Еўрапарламент за працяг абумоўленага дыялогу з беларускімі ўладамі, але ён павінен быць прывязаны да прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона. Падобныя выпадкі, як выкраданні і пераслед, ставяць пад пытанне цяперашнюю палітыку краін ЕС адносна Беларусі», — заявіў Бузек.
Ён выказаў сур’ёзную заклапочанасць выпадкамі ціску на дэмакратычную апазіцыю.
Варта адзначыць, што маладзёжных актывістаў выкрадалі і раней. 19 снежня 2008 года каля пад’езда свайго дома ў Мінску быў схоплены адзін з лідэраў аргкамітэта па стварэнні арганізацыі «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч. Яго пасадзілі ў машыну, збілі і выкінулі ў лесе пад Ракавам. 25 сакавіка гэтага года невядомыя людзі выкралі ў цэнтры сталіцы намесніка старшыні «Маладога фронту» Настассю Палажанку і члена гэтай арганізацыі Дзяніса Карнова. Некалькі гадзін іх вазілі па горадзе ў машыне, а затым вывезлі ў лес. Потым маладзёжныя актывісты апазналі аднаго са сваіх выкрадальнікаў у супрацоўніку спецпадраздзялення МУС «Алмаз».
7 снежня прадстаўнікі апазіцыі аб’явілі пра пачатак інфармацыйнай кампаніі ў сувязі з выкраданнямі людзей у краіне. Яны прапануюць лідэрам партый і рухаў інфармаваць пра гэтыя факты сваіх еўрапейскіх партнёраў, каб тыя на ўзроўні Еўрасаюза патрабавалі ад афіцыйнага Мінска спыніць падобную практыку.
Дэмакратычныя актывісты таксама маюць намер звярнуцца ў МВФ і Сусветны банк з прапановай блакіраваць любую фінансавую дапамогу Беларусі да тых пор, пакуль прадстаўнікі апазіцыі не атрымаюць гарантыі таго, што ў дачыненні да іх не будзе прымяняцца практыка выкраданняў.