Справу Асіпенкі‑Аўтуховіча працягнулі яшчэ на месяц
Расследаванне крымінальнай справы жыхароў Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі працягнулі да 8 студзеня 2010 года. Пра гэта паведаміў праваабаронца Алег Воўчак.
«Расследаванне, як вядома, завершанае, але яго фармальна працягнулі, каб абвінавачаныя далей знаёміліся з матэрыяламі справы. Паводле маіх звестак, пакуль вывучана толькі трэцяя частка», — кажа Алег Воўчак.
Крымінальная справа складаецца з 17 тамоў.
Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў і нанясенні шкоды маёмасці міліцыянта ды інспектара падатковай службы. Сваёй віны абвінавачаныя не прызнаюць і тлумачаць пераслед помстай за антыкарупцыйную дзейнасць.
Праваабаронцы і апазіцыйныя палітыкі ў Беларусі патрабуюць вызвалення Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, якіх лічаць ахвярамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў былі арыштаваныя 8 лютага.
У канцы жніўня Юрыя Лявонава вызвалілі, зняўшы з яго ўсе абвінавачанні. Юрый Лявонаў шмат разоў заяўляў, што калі працэс над Аўтуховічам і Асіпенкам будзе адкрытым, усім стане відавочна, што справа супраць іх сфальшаваная.