Разам з рыбнымi кiрмашамi — спецыяльная акцыя ў буйных крамах

Источник материала:  

Кожную суботу да канца снежня ў Мiнску на праспекце Пераможцаў — пад "ёлкай" — будуць праходзiць рыбныя кiрмашы з удзелам ўсiх 19 рыбаводчых гаспадарак краiны. У гэтую, напрыклад, сваю прадукцыю з 16 машын пакупнiкам прапануюць каля дзясятка рыбгасаў. Самы вялiкi — калядны — кiрмаш адбудзецца ў сталiцы 25 снежня. Да канца года падобныя рыбныя кiрмашы пройдуць i ва ўсiх буйных абласных i раённых цэнтрах краiны. У многiх гарадах цягам апошняга часу яны ўжо адбылiся.

Як паведамiў журналiсту "Звязды" намеснiк начальнiка аддзела па забеспячэннi i збыце дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Белмелiявадгас" Валерый БАГДАНОЎСКІ, цэны на прадукцыю рыбгасаў будуць на такiх кiрмашах як ад вытворцаў, г.зн. без гандлёвай надбаўкi, адпаведна, спажыўцу рыба будзе каштаваць прыкладна на 10 працэнтаў менш, чым пры набыццi ў звычайным гандлi. Ва ўсёй сваёй вiдавой разнастайнасцi, на якую ў тым лiку i плануецца зрабiць акцэнт, наведвальнiкi кiрмашоў змогуць убачыць "ураджай" рыбы гэтага года: як сажалкавую (не толькi адборнага, буйнога i сярэдняга карпа, але i таўсталобiка, белага амура, асятра, фарэль, сцерлядзь), так i рачную рыбу (шчупака, сома, плотку). Рыбгасы будуць прадаваць не толькi жывую рыбу, але i вялiкi асартымент прадукцыi яе перапрацоўкi.

— Адначасова ўжо стартавала наша сумесная з тымi крамамi, што гандлююць жывой рыбай, акцыя, да якой пакрысе далучаюцца ўсё новыя буйныя гандлёвыя прадпрыемствы сталiцы — гiпер- i супермаркеты, дыскаўнтары, — распавёў далей Валерый Яўгенавiч. — Яна скiраваная на знiжэнне цаны на жывую рыбу ў крамах i, адпаведна, прыцягненне колькасцi пакупнiкоў, павелiчэнне спажывання рыбы. Сутнасць яе ў тым, што гандлёвыя арганiзацыi знiжаюць на прадукцыю рыбгасаў гандлёвую надбаўку на 5—10 працэнтаў. Рыбаводчыя гаспадаркi, у сваю чаргу, вызначаюць для такiх крамаў на ўласную прадукцыю спецыяльную цану, якая меншая за звыклую. У вынiку, як мы мяркуем, рыба ў буйных гандлёвых арганiзацыях для пакупнiка павiнна каштаваць на суму ад 10 да 20 працэнтаў менш — як у нашым фiрмовым гандлi. Напрыклад, кiлаграм адборнага карпа ў iм на Камароўскiм рынку сталiцы каштуе 6,5 тысячы рублёў, у гiпермаркетах жа цана жывой рыбы даходзiць амаль да 8 тысяч рублёў за кiлаграм. Натуральна, па такой цане людзi купляюць таго ж карпа менш, што мы i паспрабуем выправiць з дапамогай нашай сумеснай з прадстаўнiкамi гандлю акцыi, паралельна даводзячы ўжо самому пакупнiку ўсю карыснасць спажывання менавiта сажалкавай рыбы.

Як заўважыў далей суразмоўца, пакуль названая акцыя па знiжэннi рознiчнай цаны на жывую рыбу ў буйных сталiчных крамах разлiчаная да канца года, аднак цалкам не выключана, што яна будзе падоўжаная як мiнiмум да Калядаў ў студзенi наступнага, або нават да старога Новага года.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Час рыбы. Пост?   Кiрмаш "Рыба Беларусi" прайшоў у Баранавiчах. Чэргi выцягнулiся каля цыстэрнаў з карпам.

Нейкi тыдзень таму людзi каля рыбы яшчэ не тоўпiлiся. Цана была даволi нiзкая: 4300—4900 рублёў за кiлаграм, а сёння сiтуацыя змянiлася. Кошт буйнога карпа хiстаецца ў межах 4,5—6 тысяч, а то i вышэй, а дробнага можна купiць i за 3,5 тысячы. На апошнi i найбольшы попыт.

Цана на рыбу паднялася, бо купляюць, хоць з яе збытам у гаспадарках ёсць пэўныя праблемы. I не дзiўна, што аўтацыстэрны з карпам можна было ўбачыць i з iншых абласцей.

Вось гандлюе рыбгас "Свiслач" з Асiповiцкага раёна, а побач — "Чырвоная Слабада" з Салiгорскага. Калi б можна было рыбу прадаць у сваiм рэгiёне, то не везлi б за сотнi кiламетраў. Але найбольш рыбгасаў з Брэстчыны.

Гаспадаркi "Волма", "Сялец", "Днепрабужскi"... старалiся прыцягнуць пакупнiка цаной i таварам, але зрабiць гэта няпроста. Рыба аднолькавая (можа, у некага больш трапяткая), таму застаецца адно — зацiкавiць людзей коштам, але зрабiць гэта таксама няпроста, асаблiва калi тую аўтацыстэрну прыгналi здалёк. Можна сказаць, што цана i тавар былi нiвелiраваныя.

А хто стаяў у чэргах за рыбай? Людзi розныя, многа з вёсак i пенсiянераў.

— Мяса ды мяса, хочацца ўжо i рыбкi пакаштаваць, — кажа немаладая жанчына i купляе два кiлаграмы карасiкаў па 2700 рублёў за кiлаграм. Дарэчы, гэтых карасiкаў рыбгас "Лактышы" распрадаў адразу ж. А ад дырэктара гэтай гаспадаркi Iвана Цыгана пачуў:

— Трэба момант выкарыстоўваць. Сёння кiрмаш у Баранавiчах, заўтра павязём рыбу ў iншы горад. Пакуль што гандаль iдзе добра.

Попыт на рыбу выклiканы i рэлiгiйнымi матывамi — постам. Пэўная частка насельнiцтва ў той цi iншай меры ўстрымлiваецца ад скаромнага.

Але не ўсе аддаюць перавагу рачной рыбе, многiя лiчаць за лепшае купiць марскую. Цераз вулiцу, непадалёк ад чыгуначнага вакзала "Баранавiчы-Палескiя", у палатцы гандлявалi марожанай аргенцiнкай, селядцом, леманэлай... I тут не працiснуцца — натоўп. Але навошта марожаная, калi побач свежая, яшчэ жывая?

— У карпа палова iдзе ў адход, а ў марской яго амаль няма, — разважаюць часта гаспадынi, — няхай марская i даражэйшая, але з яе i выгады больш, а клопату меней.

На мой погляд, усякая рыба смачная i карысная. Фаршыраваны карп — гэта такая смаката, а пангасiя смажаная!

Добра мець рыбу на стале не толькi ў пост ды святы, але i кожны дзень.

Былi б грошы!

Сымон Свiстуновiч.

←Дом или призрак?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика