Праект бюджэту‑2010 прадугледжвае павышэнне ПДВ з 18% да 20%
Праект бюджэту на 2010 год прадугледжвае павышэнне падатку на дададзеную вартасць з 18% да 20%, паведаміў міністр фінансаў Андрэй Харкавец,
выступаючы 7 снежня на пашыраным пасяджэнні камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Палаты прадстаўнікоў.
Харкавец адзначыў, што праект бюджэту прадугледжвае адмену чатырох падаткаў: у фонд падтрымкі сельгасвытворцаў, мясцовы падатак з продаж тавараў у рознічным гандлі, мясцовы збор за рэгістрацыю транспартнага сродку і мясцовы збор за паркоўку.
Паводле слоў міністра, пры адмене гэтых падаткаў бюджэтныя зборы памяншаюцца на 2,3 трлн. рублёў. «Таму нам неабходна кампенсацыя гэтых сродкаў. У якасці такой меры мы павялічваем ПДВ з 18% да 20%. Гэта дазволіць дадаткова прыцягнуць 1,7 трлн. рублёў», — сказаў Харкавец.
Ён таксама паведаміў, што праект бюджэту‑2010 улічвае патэнцыяльныя рызыкі, з якімі можна сутыкнуцца пры яго выкананні.