Старадаўні Мінск дабіваюць бульдозерамі
03.12.2009 17:00
—
Новости Общества
На днях у гістарычным цэнтры Мінска, амаль на самым скрыжаванні вуліц Рэвалюцыйная і Няміга ў парушэнне заканадаўства і пастановы Мінкультуры быў часткова знішчаны будынак 19-га стагоддзя, які з’яўляецца часткай комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі.
Як распавёў TUT.BY старшыня рэспублiканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, яшчэ 26 жніўня адбылося паседжанне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, на якім было прынята рашэнне дэмантаваць канструкцыі будынку № 24-а па вуліцы Рэвалюцыйнай ручным спосабам з іх наступным узнаўленнем.
Дом 24-а вядзе гісторыю ад другой паловы 19-га стагоддзя. Адным з яго ўладальнікаў была сям’я Залкіндаў. Пасля пажару 1881 года мяшчанская камяніца неаднаразова перабудоўвалася. Цяпер на яго месцы запланавана пабудова гандлёва-офіснага цэнтра з падземным паркінгам.
“11 лістапада у абыход рашэння Навукова-метадычнай рады, якое прадпісвала ручную разборку канструкцый, і без дазволу Міністэрства культуры КУП “Мінская спадчына” спрабавала зруйнаваць згаданы будынак, - распавядае Антон Астаповіч. - Намаганнямі грамадскасці і спецыялістаў Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры незаконныя дзеянні былі спынены. Галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Жых паабяцаў выконваць працы на аб’екце толькі згодна з рэкамендаванымі тэхналогіямі. Але ж атрымаўшы дазвол міністэрства, у якім прадпісвалася толькі ручная разборка, каб потым як мага болей аўтэнтычнага матэрыялу было выкарыстана пры рэканструкцыі будынку, зрабіў недапушчальнае. 30 лістапада “Мінская спадчына” і падрадная арганізацыя (невядомая, бо ў парушэнне нарматыўна-прававых дакументаў адсутнічае пашпарт аб’екта) пачала руйнаванне помніка пры дапамозе экскаватара. Цэлае крыло пабудовы ўжо знішчана”.
Па словах старшыні Таварыства аховы помнікаў, былі парушаны артыкулы 27, 28 і 37 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, іншыя нарматыўна-прававыя акты, шэраг міжнародных метадычных дакументаў ў галіне аховы і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны.
Міністэрства культуры перапыніла працы на аб'екце, падрыхтаваўшы матэрыялы па парушэннях заканадаўства для ініцыявання пракурорскай праверкі.
Міністэрства культуры перапыніла працы на аб'екце, падрыхтаваўшы матэрыялы па парушэннях заканадаўства для ініцыявання пракурорскай праверкі.
У сваю чаргу Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў звярнулася ў Пракуратуру Цэнтральнага раёна Мінска з просьбай “прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт 344 Крымінальнага кодэксу РБ галоўнага інжынера КУП “Мінская спадчына” М. Жыха і прадстаўнікоў падраднай арганізацыі, вінаватых у свядомым пашкоджанні гісторыка-культурнай каштоўнасці, якое было здзейснена групай асобаў, і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці дырэктара КУП “Мінская спадчына” П.Шыкунца па арт. 428 Крымінальнага кодэксу РБ у сувязі з тым, што яго бяздзейнасць як кіраўніка прадпрыемства, прывяла да нанясення істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян і грамадскім інтарэсам”.
Знішчэнні працягваюцца…
За мінулыя 15 год пераважная большасць аўтэнтычных забудоў у гістарычным цэнтры Мінска была знесена, зніклі цэлыя вуліцы (Дзімітрава, Замкавая), а на іх месцы ў найлепшым выпадку з’явіліся муляжныя падробкі. Толькі ў 2008-09 гадах у сталiцы зруйнавалi багата ўнiкальных помнiкаў Верхняга горада 18-19 стагоддзяў на вулiцах Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кiрылы i Мяфодзія, Камсамольскай, на плошчы Свабоды, якiя мелi статус недатыкальных.
Вось толькі некаторыя з іх. Пры будаўнiцтве Асветнага цэнтру Рускай праваслаўнай царквы на вулiцы Гандлёвай знiшчаны тры дамы 17-19 стст. i гаспадарчая пабудова 19 ст. - уся гiстарычная забудова. На вулiцы Вызвалення разбураныя тры дамы 18-19 стст. на скрыжаваннi з Замкавай. На Герцэна на месцы мяшчанскiх дамоў i гаспадарчых манастырскiх пабудоў з'явiлiся муляжы з сiлiкатнай цэглы. На Камсамольскай зруйнаваныя ўсе дамы 18-19 стст. на адцінку ад Рэвалюцыйнай да Нямiгi. На той жа Рэвалюцыйнай разбурана 5 дамоў 18-19 стст. Цалкам разбураны дом 19 ст. па Калектарнай…
Славуты паркiнг на Нямiзе, насамрэч, аказаўся на два паверхi большы, чым быў на карцiнках праекту i цалкам захiнуў сабой вiд на верхнi горад. Праз адсутнасць рамонту ў сакавiку 2008-га абрынулася адна з вежаў Пiшчалаўскага замку (ён жа - следчы iзалятар № 1, цi Валадарка) - помнiка класiцызму 19 ст. Пералiк можна працягваць i працягваць…
“Гэта вынiшчэнне не толькi аўтэнтычнай комплекснай забудовы, але i той гiстарычнай матрыцы, абапiраючыся на якую ў будучынi можна правесцi сапраўдную рэстаўрацыю паводле мiжнародных стандартаў”, - лiчыць старшыня рэспублiканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнiкаў гiсторыi i культуры Антон Астаповiч.
З прыходам улетку на пасаду міністра культуры Паўла Латушкі з’явіўся спадзеў, што ахавая сітуацыя з выратаваннем помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны пасунецца з месца. На апошняй прэс-канферэнцыі ён агучыў задачы, пра якія незалежныя эксперты цвердзілі гадамі, аднак заставаліся непачутымі ўладай.
Па-першае, гэта паляпшэнне навукова-метадычнага нагляду за рэканструкцыяй аб’ектаў. Па-другое, удасканаленне ўзаемадзеяння паміж заказчыкам, навуковым кіраўніком і выканаўцам работ. Па-трэцяе, узмацненне ролі Беларускай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і Грамадскага назіральнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры.
Аднак, выглядае, што на справе пакуль усё гэта не надта дзейнічае, і гора-будаўнікі працягваюць сваю чорную справу.
“Цяперашняе кіраўніцтва горада разумее важнасць гістарычнай забудовы, аднак яно не лічыць, што старыя будынкі трэба захоўваць. Таму існуе тэорыя, што старызну можна разбурыць, а на руінах пабудаваць больш прыгожую копію з сучасных матэрыялаў, - выказаўся ў інтэрв’ю TUT.BY найлепшы знаўца сталіцы, доктар гістарычных навук Захар Шыбека. - Пачатак гэтаму быў пакладзены ў Траецкім прадмесці - прыклад абсалютна штучнай, неаўтэнтычнай рэстаўрацыі. Люді не разумеюць, што такіх муляжоў, як гатэль "Еўропа", можна пабудаваць колькі заўгодна, але ж турыстаў імі не зацікавіш".