4 снежня ў Мінску адбудзецца ўстаноўчы з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы
4 снежня ў Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, адбудзецца ўстаноўчы з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, паведаміў першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў.
Паводле яго слоў, у рабоце з’езда возьмуць удзел больш чым 400 чалавек, у тым ліку каля 100 дэлегатаў — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі. На з’езд запрошаны прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, СМІ і творчых саюзаў, у тым ліку Саюза беларускіх пісьменнікаў, устаноў культуры, адукацыі і навукі, а таксама грамадскія дзеячы і дыпламаты.
Як адзначыў Генадзь Пашкоў, ініцыятарамі з’езда выступілі вядомыя беларускія і расійскія пісьменнікі Валерый Ганічаў, Уладзімір Гніламёдаў, Ягор Ісаеў, Уладзімір Карпаў, Сяргей Міхалкоў, Валянцін Распуцін, Алесь Савіцкі і Мікалай Чаргінец. Паводле яго слоў, ідэя правядзення форуму падтрымана прэзідэнтамі дзвюх краін, Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, патрыяршым экзархам усяе Беларусі.
На з’ездзе плануецца абраць кіраўніцтва новага творчага аб’яднання, вызначыць асноўныя задачы і кірункі яго работы. Сярод такіх Генадзь Пашкоў назваў пашырэнне творчых сувязяў, абмен дэлегацыямі, правядзенне сумесных канферэнцый і пасяджэнняў круглых сталоў, а таксама ажыццяўленне перакладаў твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову і расійскіх пісьменнікаў на беларускую мову з выкарыстаннем літаратурных перыядычных выданняў і выдавецтваў дзвюх краін.