У Баранавічах звольнілі заснавальніцу БХД
Адна з мясцовых паліклінік спыніла кантракт з Галінай Ярашэвіч амаль за месяц да заканчэння яго дзейнасці. Жанчына адпрацавала ва ўстанове амаль сем гадоў і не мела заўваг.
Галіна Ярашэвіч з Баранавічаў у аргкамітэце Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ад самага пачатку. Яна пенсіянерка, але апошнія амаль сем гадоў працавала ў цэнтральнай паліклініцы горада мастаком па знешняй рэкламе. «У анкеце, якую я запаўняла для падачы ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі БХД, заўсёды пазначала, што я пенсіянерка. А нядаўна, калі зноў спатрэбілася запаўняць анкету, напісала, што працую, і пазначыла месца», — расказала спадарыня Галіна.
Перад гэтым з ёй быў працягнуты кантакт яшчэ на год.
«Раней мяне хвалілі, начальства ўвесь час казала, што задаволенае маёй працай», — кажа жанчына.
20 лістапада яе выклікалі да кіраўніцтва і прапанавалі выконваць абавязкі санітаркі — прыбіраць памяшканні, даглядаць хворых. Па яе словах, ёй патлумачылі такія змены наступным чынам: нібыта Галіна Андрэеўна стала парушае дысцыпліну, у працоўны час — хадзіць у краму, а значыць, мае багата вольнага часу на абавязкі санітаркі. Галіна Ярашэвіч фармальна адносілася да штату санітараў, але на справе займалася мастацкім афармленнем. Прапанову кіраўніцтва яна расцаніла, як пагаршэнне ўмоваў працы і вырашыла сысці. Адказ не прымусіў сябе чакаць — за 25 дзён да заканчэння тэрміна кантракта актывістку БХД звольнілі. «Я збіраюся высветліць, ці было законным датэрміновае спыненне кантракту і ці магу я разлічваць на кампенсацыю», — сказала Г. Ярашэвіч.
«Галіна Ярашэвіч? Звольнілі? А кім яна ў нас працавала?» — пытаннямі на пытанне адрэагаваў галоўны ўрач цэнтральнай баранавіцкай паліклінікі Аляксандр Сцяцко, чый подпіс стаіць на паведамленні пра працяг кантракту з Галінай Андрэеўнай.
* * *
Галіна Андрэеўна Ярашэвіч нарадзілася 22 студзеня 1948 г. у Клецку. Самадзейны кампазітар і мастак. У 2003 г. выйшаў дыск «Ларысіна танга» з песнямі ў выкананні Г. Ярашэвіч на вершы Л. Геніюш, Я. Янішчыц, А. Пашкевіча, А. Белага, А. Корнева.