Адкрыты ўчастак аўтадарогі ў аб’езд Дубаўлянаў
2 снежня адкрыты ўчастак аўтамабільнай дарогі Р‑58 Мінск — Калачы — Мядзел на аб’ездзе вёскі Дубаўляны.
Як паведамляе прэс‑служба дэпартамента «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый, будаўніцтва гэтага ўчастка дарогі даўжынёй 4,6 км ажыццяўлялася за кошт сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду. Яно было распачата ў студзені мінулага года і скончана ў лістападзе гэтага. Кошт будаўніцтва аб’екта ў дзейных цэнах складае 41,1 млрд. рублёў.
Аўтамабільная дарога спраектавана па новым напрамку, мае чатыры паласы руху. Пры будаўніцтве ўлічваліся еўрапейскія патрабаванні да нагрузак на адзіночную вось аўтамабіля (11,5 тоны).
На дарозе пабудавана транспартная развязка тыпу «ромб» на перасячэнні з аўтамабільнай дарогай Н‑9031 Калодзішчы — Заслаўе, пабудаваны два пуцеправоды даўжынёй 52 і 55 метраў.
У праекце таксама ўлічаны патрабаванні да забеспячэння нармальных умоў для пасажыраў і арганізацыі аўтобуснага руху: пабудаваны пяць аўтобусных прыпынкаў і пяць аўтапавільёнаў з прымяненнем сучасных канструктыўных рашэнняў і архітэктурнага афармлення.
У мэтах арганізацыі бяспекі дарожнага руху выключаны левыя павароты і зроблена бар’ерная агароджа на раздзяляльнай паласе на ўсім працягу ўчастка дарогі. Для арганізацыі бяспекі пешаходаў у раёне трансфарматарнай падстанцыі «Паўночная» ў вёсцы Дубаўляны пабудаваны пешаходны тунэль.
Нармальныя ўмовы пражывання мясцовага насельніцтва забяспечваюцца за кошт наладжвання ўздоўж жылой забудовы ў раёне падстанцыі «Паўночная» шумазасцерагальнага экрана.