Міншчына 30 лістапада

Источник материала:  
30.11.2009 19:31 — Новости Общества
Міншчына 30 лістапада

Складаная абстаноўка на дарогах Міншчыны

За выхадныя ў сталічнай вобласці зарэгістравана 13 аварый, загінула 6 чалавек. Яшчэ 14 – паранены.

Цяжкае ДТЗ адбылося ў Салігорскім раёне. Там вадзіцель на 154-м кіламетры трасы Мінск-Мікашэвічы не справіўся з кіраваннем на закругленні дарогі. Выехаў на сустрэчную і сутыкнуўся з другім легкавіком. У аварыі загінулі 3 чалавекі, яшчэ трое трапілі ў лякарню.

Па-ранейшаму, вялікая колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў. Толькі за мінулыя суткі – 3 наезды. Адзін з іх – са смяротным зыходам. У Салігорскім раёне пешаход, абазначаны святлоадбіваючымі элементамі, трапіў пад колы легкавіка. 49-гадовы мужчына ад атрыманых траўмаў памёр на месцы здарэння.

 

Ў Смалявічах уладальнікі больш чым 10 аўто ўвогуле нікуды не паедуць

Пакуль не заменяць шыны. Мясцовы падлетак – вучань 8-га класа – пашкодзіў колы, пракалоў іх. У дачыненні хулігана ўзбуджана крымінальная справа.

«Вялікі бацькоўскі сход» збіраюць у Мінаблвыканкаме

На мерапрыемства запрошана амаль 400 чалавек. Гэта прадстаўнікі бацькоўскіх камітэтаў, мясцовых уладаў і настаўнікі. Мяркуецца, што на сходзе будуць прысутнічаць старшыня Мінаблвыканкама Леанід Крупец і міністр адукцыі Аляксандр Радзькоў.

На парадку дня – абмеркаванне арганізацыі выхаваўчай работы, навучальнага працэсу, метадаў псіхалагічнай дапамогі бацькам і дзецям. Такі форум у вобласці збіраюць ужо трэці раз.

На Старадарожчыне стварылі каардынацыйны савет грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый

У ім – больш за 20 чалавек, гэта своеасаблівы «грамадскі актыў раёна», які не абмяжоўваецца толькі пасяджэннямі ды нарадамі. Да прыкладу, яго члены дапамаглі мясцовым уладам у добраўпарадкаванні, а таксама забяспечылі першаклашак святлоадбіваючымі элементамі. Супрацоўніцтва кіраўніцтва раёна з палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі стала больш цесным і плённым.

Не «кропка» грамадскага харчавання, а вялікі «клічнік»

КааператрыСтаўбцоўшчыны павялічваюць таваразварот. Штомесяц – 100 мільёнаў рублёў. Для раёна– вельмі і вельмі няблага. Поспех – за кошт пашырэння асартыменту, мадэрнізацыі і адкрыцця новых прадпрыемстваў. Вось нядаўна з'явіліся дзіцячае кафэ, кандытарскі цэх і італьянская піцэрыя.

З макам, павідлам, карыцай — апетытныя і яшчэ цёплыя булачкі, якасная прадукцыя і даступны кошт. Алена Шушкевіч амаль штодзень заходзіць у кулінарыю — «смачнае месца»  для дзяцей і дарослых.

Гэтае кафэ мясцовыя кааператары адчынілі летась. 4 мільёны рублёў– на рамонт, 18 — на абсталяванне. Укладзеныя грошы вярнуліся хутка. Летам таваразварот дасягае 30 мільёнаў рублёў за месяц.

Новы кандытарскі цэх таксама стаў тут прыбытковым праектам. Салодкая справа не толькі вярнула былую славу стаўбцоўскім кандытарам. Старыя майстры вярнуліся сюды на працу з прыватных пякарняў.

Торты, пірожныя і булачкі — ўся прадукцыя мясцовых кандытараў прыйшлася да стала не толькі жыхарам Стаўбцоўшчыны. Гандлёвыя кропкі Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў штодня падаюць заяўкі. Нават мінчане ў летнім кафэ парка Горкага п'юць каву з  пірожанымі «стаўбцоўскага вырабу».

Дзіцячае кафэ, кандытарскі цэх і піцэрыя. Новыя рабочыя месцы і сучасны падыход да працы. Усе навінкі грамадскага харчавання стаўбцоўскія кааператары адразу ж прымяняюць на практыцы. Гэта і ёсць рэцэпт росквіту.

У нацыянальным парку «Нарачанскі» пашыраюць «паляўнічыя магчымасці»

Спецыяльна для аматараў «лясных забаваў» тут выгадавалі 50 касуляў і паўтары тысячы дзікоў. Чакаецца, што гаспадарка на паляўнічым турызме да канца года заробіць 360 мільёнаў рублёў.

Адметна, што беларускім паляваннем актыўна цікавяцца замежнікі. Часцей ўсяго адпачываць са зброяй у руках да нас прыязджаюць расіяне, палякі, немцы і фіны.

 

«Адна на ўсіх»

Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу абмеркавалі на адмысловай канферэнцыі ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце.

Вучоныя, выкладчыкі, пісьменнікі і ветэраны яшчэ раз прыгадалі старонкі Вялікай Айчыннай. Акрамя таго, даследчыкі прэзентавалі свае новыя работы на ваенную тэматыку.

←Защита журналистов – дело рук журналистов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика