Чалы: да канца года дэвальвацыя можа скласці яшчэ 2%
Дзевяць з паловай месяцаў Нацбанк усімі праўдамі і няпраўдамі ўтрымліваў дэвальвацыю на ўзроўні 5%, пасля чаго жалезная рука трохі саслабілася.
Сёння за адзін дзень рубель дэвальваваўся яшчэ на 1,2%.
Еўра падаражэў на 43 рубля і цяпер каштуе 4179 рублёў. Расійскі рубель за адзін дзень падняўся на 2,57% і цяпер ацэньваецца ў 95,7 рубля. Абедзве валюты абнавілі свае ранейшыя рэкорды. Даляр застаўся на ранейшым узроўні — 2782 рубля.
Такім чынам, узровень дэвальвацыі падняўся да 7,95%.
Чаму на краіну зноў папаўзла дэвальвацыя? Незалежны фінансіст Сяргей Чалы не бачыць аб’ектыўных прычын для настолькі рэзкага росту валют: «Рэзерваў хапае, ды і грошы Міжнароднага валютнага фонду паступаюць». На яго погляд, Нацбанк вырашыў давесці да канца года кошык да верхняй дазволенай мяжы — да 1056 рублёў. Гэта значыцца, што да канца года беларускі рубкль прыйдзецца дэвальваваць яшчэ на 2%. Што гэта дасць дзяржаве? «Падобна на тое, што Нацбанк вырашыў схітраваць. На наступны год таксама запланаваны калідор на 10%. Напэўна, яго вырашылі адлічваць роўна ад 1 студзеня 2010 года», — мяркуе эканаміст. Такім чынам, з’явяцца шырэйшыя магчымасці змяняць курсы валют, прытрымліваючыся абяцанняў, — кошык зможа як вярнуцца да ўзроўню пачатку гэтага года, так і аддаліцца ад яго на 20%.