Уздоўж Жураўлінай дарогі
Сёння гарадскія жыхары ўсё радзей і радзей успамінаюць, а можа, ужо і не ведаюць пра структуру жыццёвай прасторы хаты і функцыянальнае прызначэнне кожнай з рытуальных зон.
Калі вы ўважліва прыгледзіцеся да сістэмы забудовы любога населенага пункта славян, то выявіце, мабыць, адно з галоўных правіл вясковага дойлідства: кірунак галоўнай вуліцы заўсёды адпавядаў найважнейшаму касмічнаму арыенціру — Млечнаму шляху (Малочная рака, Гусіная ці Жураўліная дарога), які пралягаў у напрамку ад усходу сонца да яго захаду. Тым самым задаваліся дакладныя арыенціры з усходу на захад, пры гэтым хаты, як правіла, станавіліся перпендыкулярна вуліцы, сваімі “глухімі” сценамі выходзілі на поўнач і вокнамі на поўдзень.Найбольш распаўсюджаным з’яўляецца той тып будынка, пры якім на вуліцу выходзяць два акны, а сцяна, размешчаная ўздоўж двара, звычайна мела або два, або тры акны. Вокны з боку вуліцы з’яўляліся своеасаблівымі каналамі сувязі з сонцам (тое, якое бліжэй да “чырвонага” кута) і месяцам (тое, якое было бліжэй да “глухой”, “цёмнай” сцяны). Тры акны з боку двара сімвалізавалі тры пакаленні людзей, якія пражывалі ў гэтай хаце. Традыцыйная ўсходнеславянская сям’я была вялікая (да 12—15 чалавек) і пры гэтым аб’ядноўвала тры пакаленні, кожнае з якіх выконвала сваю радавую місію.У дахрысціянскую эпоху цэнтрам сямейнай светабудовы быў ачаг. Яго захавальнікам заўсёды з’яўлялася гаспадыня хаты. Першапачаткова ачаг быў у цэнтры жылля, але з часам ён перамясціўся на захад, у процілеглы бок ад чырвонага кута, які часцей за ўсё быў арыентаваны на ўсход.Дзве ці тры бэлькі дзялілі прастору хаты паміж пакаленнямі, аднак у кожным пакаленні пад-трымлівалася раўнавага паміж мужчынскім і жаночым пачаткам. Найважнейшая сілавая лінія, якая аб’ядноўвае тры пакаленні і два пачаткі ўсярэдзіне кожнага з іх, пралягла па напрамку руху чалавека ад парога да лобнага месца ў хаце — чырвонага кута. Тонкая граніца паміж левай і правай часткамі хаты — гэта лінія духоўнага жыцця, якая аб’ядноўвала/раз’ядноўвала прастору паміж гаспадарамі хаты. Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі “печ — чырвоны кут”, замацавалася за жаночай паловай сям’і (з рытуальным цэнтрам хатняга ачага: печ — гэта жаночае ўлонне, а ўсе прадметы побыту, якія знаходзіліся побач з ёй, — увасабленне мужчынскага пачатку; менавіта таму цэлы шэраг перадвясельных і ўласна вясельных абрадаў здзяйснялі каля печы), а прастора па правую руку ад яе (з рытуальным цэнтрам чырвонага кута) стала лічыцца жыццёвай сферай мужчын.