Мужчыны, каторых мы выбiраем...

Источник материала:  

Узрост, як i знешнасць, — "велiчынi" адносныя, колькi разоў упэўнiвалася.

А нядаўна мяне на юбiлей адной дамы запрасiлi. Юбiлей — гэта вам не 30 i нават не 40. Лiчба была паважная, i госцi падабралiся ў адпаведнасцi з датай. Са стажам, з багажом. Я, прызнацца, спачатку была крыху збянтэжаная такiм фактам, бо нiхто ж не папярэдзiў. Сабралася адбыць належныя некалькi гадзiн, а потым, прыдумаўшы больш-менш праўдападобную хлусню, пакiнуць гэта чыннае вялiкаўзроставае застолле дзеля iншых спраў.

Мужчыны, каторых мы выбiраем...Але... Насупраць мяне пасадзiлi мужчыну. Нiчога незвычайнага ў iм не было. Гэткая ўмерана непрывабная мужчынская персона скандынаўскага тыпу, злёгку сутулаватая i лысаватая.

Утойваць не буду, я была расчараваная — першыя пяць хвiлiн, пакуль мой "вiзавi" ўжываўся ў незнаёмае становiшча. Потым ён адкрыў рот, i... вакол яго адразу ж пачалася неймаверная кругаверць. Ён быццам градусаў на сто разагрэў гэта нетаропкае, зацiснутае ў рамкi гасцявой прыстойнасцi асяроддзе, i яно адразу ж ускiпела. Ён нават не блiшчэў — ён зiхацеў усiмi гранямi свайго вострага, раскаванага розуму. Хутка перахапiўшы ўвагу прысутных дам, ён ужо не "адпускаў" iх нi на хвiлiну — раздаваў сябе шчодра, шырока, прыгаршчамi, напавал забiваючы iскрамётнымi жартамi i заваёўваючы незашмальцаванымi камплiментамi. Пры гэтым нiхто, нi адна з жанчын, не адчуваў сябе абдзеленай ўвагаю. Нешта ў гэтым праглядалася гусарскае, сапраўды мужчынскае, нават вар'яцкае...

Я была пад уражаннем. І лавiла сябе на думцы, што гатовая слухаць незвычайнага госця зноў i зноў...

"Божа мой, — выдыхнула жанчына, якая сядзела злева ад мяне, — як яму ўдаецца захоўваць такую яснасць розуму i прагу да жыцця?.. У свае 79?.."

"Няўжо?.. Як?.. — пранеслася ў галаве. — Не можа быць!" Стоп... А чаму не можа? Ён i не выглядаў маладзейшым за гэты ўзрост. Не выглядаў — але быў! Такое магчыма дзякуючы шырынi i шчодрасцi натуры, незашоранасцi i прысутнасцi самаiронii... Самае пiкантнае заключалася ў тым, што яго жонка сядзела побач з iм. Усмiхалася i падначвала яго, калi занадта разыходзiўся. Тады ён нахiляўся да яе i нешта шаптаў на вушка, накрываючы сваёй вялiкай далоняй яе маленькую ручку, падкрэслiваючы гэтым выключнасць сваёй жанчыны: "Ты адзiная, ты царыца, а ўсе астатнiя — проста асяроддзе, якому ў гэты момант патрэбна крышачку, зусiм няшмат, маёй увагi..."

Далiбог, у яго можна было закахацца. Няхай не з першага погляду, але з другога — дакладна.

У мяне адразу ўзнiкла пытанне: адкуль, уласна кажучы, бяруцца такiя мужчыны i дзе трэба iх шукаць? Не, я шчыра, без дурняў. Мара аб iдэальным (ну, наблiжаным да iдэалу) спадарожнiку i надзея такога сустрэць — гэта, так бы мовiць, квiнтэсэнцыя ўсяго жаночага iснавання. Няхай жанчына прыкрываецца якiмi заўгодна лозунгамi, няхай робiць кар'еру i заваёўвае касмiчныя вышынi, няхай пiша трактаты пра гендарную роўнасць (трэба ж нешта пiсаць) i наведвае клубы фемiнiстак... Няхай... Але, едучы ранiцай на дзелавую сустрэчу, яна будзе не столькi абдумваць план знiшчэння канкурэнтаў, колькi ўяўляць, як уразяць гэтых самых канкурэнтаў яе прыгожыя ногi ў туфельках на высокiх абцасах. I не спрачайцеся са мной, таму што жаночая псiхалогiя (гэтаксама, як i патаемныя думкi) знаёмая мне не па чутках. Так што шукаем i iмкнёмся да чагосьцi асаблiвага мы ўсе, а знаходзiм... кожная па здольнасцях.

Адна мая знаёмая сустракаецца з маладым чалавекам. Насамрэч маладым, бо яму 28, а ёй... Не, рознiца ва ўзросце не такая выразная, як у Алы Барысаўны i вядомага гумарыста. Але!..

Нядаўна яна патэлефанавала мне позна ўвечары, прычым, да непрыстойнасцi позна, папрасiла парады... Маўляў, пайшла са сваiм бойфрэндам у кавярню, зрабiлi заказ, выпiлi, расслабiлiся... I яна (напэўна, ад вялiкай дозы выпiтага i наплыву пачуццяў) вырашыла прызнацца яму ў каханнi... (Ну што ж, так здараецца, i асудзiць яе зможа толькi той, хто здольны на яшчэ большае глупства.) Карацей, адкрыла яна рот i пачала: не магу без цябе жыць, не ўяўляю, як я iснавала да гэтага, ты мой адзiны i г.д. I раптам, у самы кульмiнацыйны момант гэтага душэўнага распранання, ён падскоквае, пляскае сябе рукой па лбе i з крыкам "Я забыўся ўключыць сiгналiзацыю!" выносiцца з залы... I толькi праз 15 хвiлiн, упэўнiўшыся, што нiхто не спакусiўся нi на адну запчастку яго дапатопнага "фальксвагена", вяртаецца назад...

I ўсё гэта яна мне расказвае ў дванаццаць гадзiн ночы, бо адчувае: нешта тут не так. Ёсць нейкi падвох i загана ў паводзiнах маладога чалавека. Але цi можна з гэтым мiрыцца? Вось што непакоiць маю сяброўку. I яна чакае адказу.

А я што — суддзя? Ну, дапусцiм, скажу ёй: "Пасылай яго падалей"... Яна паслухае i пашле, а сама пачне марнець i сохнуць ад адзiноты...

Не, не пашле. Бо ў яго "гармон iграе", i ў гэтым плане ён задавальняе маю сяброўку на ўсе сто працэнтаў. Яму нават звiлiнамi варушыць не трэба, каб прыдумаць, як i дзе з ёю сустрэцца. Не паспее ён сказаць "а", як яна дагаворвае ўвесь алфавiт, прычым, хуценька, скорагаворкай. Глядзiць на яго, як на якога-небудзь грэчаскага бога ("Ой, ён так складзены! Ты не ўяўляеш!") i пастаянна напружваецца па прычыне сваёй непаўнавартаснасцi...

"Ведаеш, — кажу ёй, — я тут нядаўна пра Растраповiча прачытала, пра вiяланчэлiста..."

"Гэта такi страшненькi, лысы, з адтапыранай вуснай?" — перапытвае яна пагардлiва.

Ну, можа i так, можа, i страшненькi. Калi глядзець з аднаго боку, самага прымiтыўнага. А з iншага... Яго кахалi найлепшыя жанчыны савецкай эпохi — нягледзячы на лысiну, неатлетычны целасклад i адтапыраную нiжнюю вусну. I зусiм не за вiртуознае валоданне смычком. Проста ён здольны быў зрабiць такi вар'яцкi жэст, так уразiць жанчыну, што яна не магла супрацiўляцца... Ландышы дарыў кошыкамi... Праважаючы ў непагадзь каханую дадому, мог, каб не абыходзiць за кiламетр лужыну, папросту скiнуць з плячэй палiто i пасцялiць ёй пад ногi... Зноў жа, падарункi нетрывiяльныя рабiў. Мог "прэзентаваць" жанчыне... некалькi пернiкаў. А мог падарыць вальс Штраўса ў незвычайным выкананнi... У вынiку ў яго заўсёды былi самыя лепшыя жанчыны, самыя прыгожыя паклоннiцы. Хоць знешне ён i не лiчыўся Апалонам.

Кажуць, ён i вiяланчэль сваю падчас iгры трымаў так, што знешне гэта выглядала амаль непрыстойна. Узяўшы яе за "горла" i зацiснуўшы нагамi "талiю", ён "выцягваў" з паслухмянага цела гукi такой глыбiнi i страсцi, што ў цэлым карцiна нагадвала нейкi эратычны экстаз. Карацей, той, хто слухаў i бачыў, адчуваў сябе трэцiм лiшнiм...

Гэта так, да слова — не ўсiм жа быць вiяланчэлiстамi. Праўда, у дворнiка я, напэўна, не закахалася б — чым ён можа здзiвiць, акрамя падмятання вулiцы? Хаця... Калi рабiць гэта вiртуозна i з душой... Хто ведае?

Так што адказаў на пытанне "дзе яго шукаць?" можа быць процьма. Калi, безумоўна, не ставiць перад сабой задачу знайсцi Апалона. У Апалона, ведаеце, свае замашкi, яшчэ тыя. Ён жа прывык, што да яго ўсе хочуць дакрануцца i ўжо адпалiравалi да бляску. А навошта вам мужчына, якi 24 гадзiны ў суткi думае пра ўласную палiроўку? Цi пра палiроўку свайго аўто? Такi наўрад цi здзiвiць i ўразiць. I ландышы не падорыць, i сваё палiто пашкадуе больш, чым вас...

Вам дастаўся менавiта такi экзэмпляр? Ну, што ж, побач з жанчынай звычайна апынаецца той мужчына, якога яна заслугоўвае...

Наталля УЛАДЗIМIРАВА.

←Взрослые игрушки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика