У Мар’інай Горцы забілі актывіста апазіцыі
26 лістапада ў шпіталі гораду Мар’іна Горка памёр сябар Партыі БНФ Валянцін Доўнар. Яму яшчэ не было 50 гадоў.
«У мінулую пятніцу прыкладна а 22:00 вечара на Доўнара напалі на вуліцы невядомыя, — расказвае аднапартыец памерлага Алесь Васьковіч. — Білі жалезнымі прутамі па галаве. Потым Валянціна даставілі ў рэанімацыю. Але не ўратавалі».
Валянцін Доўнар быў вядомы ў Мар’інай Горцы распаўсюднік незалежнай прэсы. Кожную пятніцу ён прывозіў з Мінску свежыя нумары «Народнай волі», «Новага часу», разносіў іх падпісчыкам, астатнія нумары раздаваў.
«Чалавек бяскрыўдны як дзіця быў. Адзін жыў. Усе яго паважалі. Вазіў газеты да нас і ў снег, і ў дождж», — кажа А.Васьковіч.
Па факце забойства заведзеная крымінальная справа, але па ёй пакуль ніхто не арыштаваны.
Пахаванне Валянціна Доўнара адбудзецца ў суботу ў Мар’інай Горцы а 14:00.