Назарбаеў запрасіў Лукашэнку наведаць з візітам Казахстан у 2010 годзе
Нурсултан Назарбаеў запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць з візітам Казахстан у 2010 годзе, а таксама ўзяць удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД 18 снежня гэтага года. Перамовы кіраўнікоў дзвюх краін прайшлі 26 лістапада ў Мінску.
Назарбаеў падкрэсліў, што ў лідэраў дзвюх краін «ёсць рашучасць ўзняць на абсалютна новы ўзровень» адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.
Пасля завяршэння перамоў у прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін была падпісана «Дарожная карта двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2010—2011 гады». Гэта падрабязны план сумеснай працы на сярэднятэрміновую перспектыву. Ён уключае найбольш эфектыўныя праекты па супрацоўніцтве ў сферы машынабудавання, сельскай гаспадаркі, хіміі і інш.
Бакі таксама падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі, вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі, а таксама аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным узаемадзеянні на міжрэгіянальным узроўні.
Акрамя таго, падпісаны мемарандум аб паразуменні паміж Міністэрствам фінансаў Беларусі і Агенцтвам па рэгуляванні і наглядзе фінансавага рынку і фінансавых арганізацый Казахстана.
Беларусь і Казахстан маюць намер паглыбляць двухбаковае супрацоўніцтва і засяродзіць намаганні на развіцці новых форм эканамічнага партнёрства, у тым ліку ўзаемнага прыцягнення інвестыцый і сучасных тэхналогій, вытворчай кааперацыі, узаемным удзеле прадпрыемстваў абедзвюх дзяржаў у міжнародных і рэгіянальных эканамічных праектах, што рэалізуюцца на тэрыторыі дзвюх краін. Бакі дамовіліся ўключыць сумесныя праекты з удзелам беларускіх прадпрыемстваў у карту індустрыялізацыі Казахстана, што распрацоўваецца на 2010—2014 гады, з прыняццем неабходных рашэнняў для іх рэалізацыі.
Назарбаеў выказаў упэўненасць, што эканамічнае супрацоўніцтва з"яўляецца базай для развіцця адносін і ў іншых сферах. «Паміж нашымі дзяржавамі няма нявырашаных праблем, мы адкрытыя да супрацоўніцтва», — сказаў ён.