Дубскага не вызваляць
Моладзеваму актывісту, палітвязню Арцёму Дубскаму адмовілі ва ўмоўна‑датэрміновым вызваленні. Спецыяльная камісія палічыла недапушчальным прызначаць умоўна‑датэрміновае вызваленне рэцыдывісту, якім лічыцца Дубскі.
Адвакат Тамара Сідарэнка наведала свайго падабароннага ў магілёўскай калоніі (ПК №19).
Дубскі выглядае вельмі схуднелым, гаворыць Сідарэнка, за час знаходжання ў калоніі ён страціў 8 кілаграмаў вагі. Акрамя таго, як высветлілася, Арцём галадаў тры дні на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі, якая забараняла перадаваць палітвязню кнігі, паведамляе прэс‑служба незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт».
Арцём Дубскі знаходзіцца за кратамі за парушэнне правіл адбыцця пакарання. Хлопца пакаралі двума гадамі абмежавання волі, абвінаваціўшы, як і іншых удзельнікаў «справы 14‑ці», у арганізацыі групавых дзеянняў, якія нібыта прывялі да масавых беспарадкаў падчас студзеньскіх акцый пратэсту прадпрымальнікаў у 2007.