Сімволіка колераў у народнай культуры
Даследчыкі гісторыі традыцыйнай культуры беларускага народа прыйшлі да высновы, што архаічнымі, найболей старажытнымі і разам з тым найболей распаўсюджанымі колерамі беларусаў былі белы (шэры, колер адбеленага лёну) і чырвоны (ярка-карычневы) колеры.
Як гэта ні дзіўна, але пры ўсёй рознакаляровасці нашага ландшафту, пры ўсёй яго стракатасці і часавай зменлівасці (пачынальна ад вясновага красавання садоў і заканчваючы жоўта-бардовымі фарбамі восеньскага лесу) асноўнымі колерамі традыцыйнай адзежы і розных саматканых атрыбутаў упрыгожвання хаты сталі толькі два: белы (дамінантны колер “кіпені” садоў падчас іх пераходу ад зімовага спакою да летняй аксамітавай перанасычанасці) і чырвоны (апошні мажорны ўсплёск шыракалістых дрэў напярэдадні зімовай спячкі). Так, хаця ў каляровай гаме посцілак і палавікоў шырока былі прадстаўлены зялёны, карычневы і чорны , але ўсё ж асаблівую эстэтыку святочнай імпрэзы стваралі галоўным чынам белыя, шчодра абсыпаныя чырвонымі зорамі-арнаментамі ручнікі, фартухі, кашулі... І гэта зусім невыпадкова. Тонкае ўспрыманне навакольнага свету і беспярэчнае выкананне прадпісанняў шматвяковых традыцый дапамаглі нашым продкам зрабіць цалкам дакладны выбар.