Мікаля Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту
Інфармацыю пра тое, што прадпрымальніку з Ваўкавыску Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту пацьвердзіў Радыё Свабода ягоны адвакат Павал Сапелка. Адвакат быў не шматслоўным, спаслаўшыся на падпіску, якую даў сьледчым.
«Скажам гэтак, я не абвяргаю гэтыя зьвесткі. Што да прозьвіiчаў асобаў, на якіх паводле сьледзтва нібыта рыхтаваў замах мой падабаронны, адкажу наступнае. Зараз не зьявілася ніякіх новых прозьвішчаў, якія раней ужо былі ў друку у сувязі з гэтай справай», — сказаў адвакат Павал Сапелка.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага паводле абвінавачаньня ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Улетку зьявіліся зьвесткі, што прадпрымальніка падазраюць таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко. Вядома, што Мікалай Аўтуховіч сваю віну паводле гэтых абвінавачаньняў не прызнае. Цягам трох месяцаў прадпрымальнік трымаў галадоўку, пратэстуючы супроць перасьледу, які тлумачыць помстай за антыкарупцыйную дзейнасьць.