Свая сям'я ў сваім доме
Што характарызуе спраўнага селяніна?
Матчына хата Васіля Халадзіліна, трактарыста, які кожнае вохканне калегаў аб нейкай нястачы суправаджаў уласным выказваннем “Няма дроў -- пачынай будавацца”, месцілася ў сотні крокаў ад жытла маёй маці.
Прыязджаю аднойчы ў вёску, сустракаю Васіля.
-- Я пачаў будавацца! -- хваліцца ён.
-- Што, няма дроў? -- успамінаю яго параду.
-- Не ў дровах справа. Скажу так: не вясковая гэта завядзёнка жыць на паверхах... Май на ўвазе: буду спраўляць наваселле -- ты на покуце.
Рабі, мужык, вартае!
НА НАВАСЕЛЛЕ я не патрапіў, а з панадворкам суседа, які ён уладкаваў на месцы старога матчынага, пазнаёміўся да драбніц. На ім я ўбачыў усё, што характарызуе спраўнага селяніна: мураваная хата на тры пакоі, прыбудова для пастаяннай кухні. На двары прасторны хлеў з блокаў, летняя кухня для міні-фермы. За плотам з ажурнымі варотамі на агарод -- лазня і малады сад.
-- Уяві сабе, прачынаюся летняй раніцай і ў чым маці нарадзіла іду ў двор два-тры разы на турніку падцягнуцца... Ніхто не ведае, калі целіцца мая карова, паросіцца свінаматка.
-- А якім чынам грошы на такую прыгажосць і раскошу збіраў?
-- Трактарыстам я ўсё-такі раблю. Адзін месяц адкладваў дзесятку-другую, другі, трэці... Да зарплаты дадаваў выручку ад продажу малака дзяржаве, парасятак на рынках Веткі і Гомеля. Лішкі бульбы вазіў у райспажыўтаварыства... Лічу, што ты і раней разумеў, да чаго я хіліў, нагадваючы сябрам пра адсутнасць дроў. Не займайся, маўляў, мужык, драбязой, рабі вартае -- на сумленне працуй у калектыве, на свае кроўныя будуйся, усталёўвай гаспадарку пры доме, а ўсё астатняе з'явіцца, як тыя дровы пры ўзвядзенні зруба з сасны ці елкі.
У Васіля заўсёды знаходзіліся пачастункі для суседскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ляцелі да яго, быццам пчолы на раслінны нектар.
Нашы з Васілём дарогі разышліся пасля таго, як родная яму і мне вёска Барталамееўка трапіла пад адсяленне з-за наступстваў катастрофы на ЧАЭС. У парадку кампенсацыі стратаў ён атрымаў катэдж у вёсцы Холмеч Рэчыцкага раёна, дзе атабарылася асноўная частка сем'яў нашых землякоў, а я, каб не зрабіць рэдкімі сустрэчы з роднымі, купіў хаціну пад лецішча ў вёсцы Лагуны Добрушскага раёна, побач з якой у пасёлку для перасяленцаў пасялілася мая старэйшая сястра.
Калі шчыра, дык мяне прыемна здзівіла, што адразу за маім агародам у Лагунах стаіць такі ж двухпавярховы васьмікватэрны дом, у падобным якому атрымліваў часовую кватэру Васіль Халадзілін, а ў тым доме жыве аператар па догляду парасят на ферме племзавода “Насовічы” Ала Хахлова, якая ўпрытык да свайго часовага жытла будуе ўласны дом. Прыехала яна ў Лагуны, як пазней паведаміла сама, з Цярэшкавічаў, па поклічу далёкіх продкаў, атрымаўшы дакладнае пацвярджэнне таму, што карані яе радаслоўнай бяруць пачатак менавіта тут, ад бабулінай бабулі. Дарэчы, у часы самай моцы тых каранёў Лагуны былі адным з найбольш гаманлівых у наваколлі населеных пунктаў -- паводле інвентару 1909 года ў вёсцы пражывала 1180 чалавек.
-- З якой нагоды, Ала Уладзіміраўна, на будаўніцтва адважылася? Дах над галавой ёсць, жылплошча дастатковая, кухня з газавай плітой, у двары водазаборная калонка, а за ёй -- агарод для бульбы і гародніны, -- пачаў я першую размову з новай суседкай, дадаўшы яшчэ адно, бадай, самае важнае на той час: грошы цяпер нестабільныя, блокі, цэгла, цэмент далёка не кожнаму па кішэні.
-- Як-небудзь агораю, бо не ўмею і не хочу жыць у птушніку. Затое бачу свой дом утульным, без грукату і спрэчак, з усімі для селяніна выгодамі. Мне не ў цяжар пасля змены на ферме ўзяць у рукі кельму, штукатурныя прылады і нават сякеру, -- адказала яна. -- Што тычыцца грашовых крыніц, дык яны наступныя: заробак на саўгаснай свінаферме і прыбытак ад асабістай міні-фермы пры гэтым... доме.
Жанчына збіралася вымавіць слова, якое прыліпла да васьмікватэркі, але ўтрымалася, каб не пакрыўдзіць суседзяў, якіх яна ўзнімала на ўборку іх жа кватэр і кутахоў пад'езду, збіраць хлам у двары. Я таксама дадам не вельмі многае, бадай, толькі тое, што асноўную частку жыхароў апошняга “склікання” дома складалі тыя, хто прывык да вандровак у пошуках лепшага існавання. Вынік: васьмікватэрка некалькі гадоў таму канчаткова апусцела. Тыя, каму да спадобы размеранае сельскае жыццё, купілі асірацелыя вясковыя хаты, іншыя падаліся ў далейшае падарожжа, дзе, на іх погляд, лепей жыць, астатніх напаткала трагічная пагібель на бытавых падставах.
А Ала Уладзіміраўна з мужам Леанідам Аляксандравічам ужо даўно жыве ў асабняку на два паверхі каля яшчэ магутных сцен былога васьмікватэрніка, цяпер ужо з пустымі аконнымі праёмамі і грукаючымі ад ветру ўваходнымі ў занядбалы пад'езд дзвярыма.
Хто зайздройсціць, хто спачувае
АДНА палова вёскі зайздросціць Хахловай, другая -- спачувальна ўздыхае.
Зайздросцяць тыя, хто лянуецца спраўна апрацоўваць нават агарод, які застаўся ім у спадчыну ад бацькоў ці блізкіх.
Спачуваюць тыя, хто вывеў на жыццёвы прасцяг пяць ці шэсць сваіх крывіначак і ведае, што гэта такое. Яны здзіўляюцца, адкуль чэрпае сілы пеставаць чужых дзетак, якія і гаварыць яшчэ добра не навучыліся, не вельмі моцная з выгляду жанчына.
Зайздроснікам не па сабе, што на падворку Алы Уладзіміраўны стаіць высокаўдойная карова, стукае капытамі конь, пераклікаюцца многагалоссем авечкі, козы, парасяты, куры. У дадатак у агарод удала ўпісваецца гараж, у якім стаіць легкавік для паездак па сямейных справах.
На першым паверсе дома, збудаванага па ўласным праекце і ў асноўным рукамі Алы Уладзіміраўны, суседнічаюць пяць цёплых пакояў, на другім -- два летнія. Агульная жылая плошча 120 квадратаў. Ёсць прасторная кухня з газазабеспячэннем, разнастайным сучасным “узбраеннем” для прыгатавання ежы. Не лішнімі аказаліся лазня “па беламу”, просты і зручны міні-цэх, у якім рыхтуецца корм для жывёлы і птушкі. На агародзе поруч з домам вырошчваецца практычна ўсё, што культывуюць сяляне на сваёй зямлі.
Над уваходам у двор Хахловай здалёк бачны распластаныя бусліныя крылы, вісяць над пляцоўкай для забаў дзяцей з самаробнымі гушкалкамі, “табурэтамі” з суцэльных сасновых і дубовых крыжоў, кветкамі ў аб'ёмных вазонах. Бусліныя крылы вітаюць таксама кожнага прахожага ўздоўж аўтадарогі, што вядзе ў бок Добруша. Ала Уладзіміраўна, наглядзеўшыся, як жывуць дзеці, абдзеленыя мацярынска-бацькоўскай ласкай і ўвагай, адважылася на адкрыццё ў сваім уласным доме прыёмнай сям'і. Пад яе апекай пры траіх кроўных дзецях ужо знаходзілі прытулак восем прыёмных хлопчыкаў і дзяўчынак. У адзін год з невялікімі прамежкамі ў часе прыёмная маці тройчы станавілася галоўнай гаспадыняй і распараджальніцай вясковых вяселляў з упрыгожанымі легкавікамі, кветкамі, падарункамі для маладажонаў і тройчы ўзнімалася ў ранг бабулі трох унукаў. З унучкай узростам у адзін год і чатыры месяцы, калі яе матулю накіравалі на трохмесячныя курсы па павышэнні кваліфікацыі з разлікам на тое, што яна стане тэхнікам-асеменатарам РСПУП “Насовічы”, Хахлова засталася адначасова за матулю, бабулю і няньку. Хто можа пайсці на такое, акрамя жанчыны-маці з вялікім сэрцам? Думаю, многія пераканаліся, што не кожная фізічна моцная кабета пагаджаецца няньчыць нават сваіх родных унукаў, бо гэта надта цяжка і адказна. Вось і спачувае Але Уладзіміраўне і адначасова захапляецца яе адносінамі да чужых хлопчыкаў і дзяўчынак здаровая частка Лагуноў.
-- Чуў, быццам вам прапаноўвалі будаваць дом прыёмнай сям'і па праграме “Дзеці Беларусі”, першы з якіх на Гомельшчыне нядаўна быў здадзены пад засяленне ў Хойніках,-- звяртаюся да Алы Уладзіміраўны.
-- Было такое, але навошта мне часовае жыллё пры наяўнасці свайго, і хваляванне, што некалі прыйдзецца вяртаць яго дзяржаве. Наадварот, нядаўна ў свой дом і сваю сям'ю я прывезла яшчэ двух дзетак -- родных браціка і сястрычку, якія зрабіліся сіротамі пры жывых бацьках.
Ала Хахлова -- лепшы правобраз беларусак
НА ЎЛАСНЫЯ вочы бачыў, як у Хахловых для хлопчыка-навасельчыка адразу ж знайшоўся сапраўдны малаток, якім ён першым чынам па дзіцячаму ўзяўся мацаваць лаўку пры кветніку. У той момант мая памяць нагадала аповяд пра сірот у трэцім томе “Живописной России” 1882 года выдання, які прысвечаны апісанню нашага беларускага Палесся. Прыйшоў дамоў, разгарнуў важкую кнігу і зноў перачытаў наступнае: “Надо видеть в то же время, сколько холи, баловства и послаблений там чужому человеку или сиротке, оставшемуся без отца и матери. Сирот стараются наперерыв друг перед другом взять в семью “примнем” или “примаком” без разбору: будет ли то девочка или хлопчик... Сироты растут всем довольные и обеспеченные, и еще не было примера, чтобы примак или примачка оставили хату и хозяйство своего приемщика; благодарность -- одно из живых и явных чувств в этом скрытном и замкнутом в себе народе”.
Ала Уладзіміраўна Хахлова -- правобраз адной з тых ужо далёкіх ад нас беларусак.
З пачуццём вялікай радасці і высокай годнасці гаспадыня вялікай лагуноўскай сям'і паведамляла мне аб тым, што яе дзеці выйшлі пераможцамі першага абласнога турыстычнага злёту прыёмных сем'яў, паказалі высокую арганізаванасць, уменне быць гаспадарнікамі ў двары. Інакш, напэўна, не магло здарыцца. Летнімі суботнімі і нядзельнымі днямі я з прыемнасцю наглядаю, як ля дома Хахловай збіраюцца тыя, хто ўжо выляцеў з яго ў самастойны вырай.
Не, зусім не для вядзення вялікай уласнай гаспадаркі, не дзеля фінансавай падтрымкі дзяржавы згрупавала сваіх і чужых дзяцей Ала Уладзіміраўна, у асноўным чым, заўважу, і кіраваліся калісьці нашы далёкія продкі: “Из мальчика выйдет молодой работник со свежими силами, а девочка возьмет к себе парня в “приставни”, т. е. в ту же хату хозяином и бесплатным рабочим”.
Гаспадыня самай вялікай у Лагунах сям'і дамагаецца больш сціплага: яе выхаванцы павінны вырасці маральна і фізічна моцнымі, з чыстымі намерамі людзьмі, якія з дзяцінства будуць разумець, што крыніцай дабрабыту і ўсіх здабыткаў з'яўляецца пастаяннае самаўдасканаленне, фізічная і разумовая праца, куды б не прывяла іх жыццёвая дарога.
Усе ведаюць і строга выконваюць сямейныя завядзёнкі, бо імі нікому не дазволена грэбаваць. Як і тым, што сабрацца дзецям у школу, якая знаходзіцца ў суседняй вёсцы, правесці іх да прыпынку аўтобуса абавязан хтосьці са старэйшых. І сённяшнія вучні Хахловых адчуваюць, што ў іх ёсць свой дом, свая маці, свой бацька і, наогул, у іх ёсць усё сваё.
Да месца паўтаруся: адна з прыёмных дачок Хахловых -- будучы спецыяліст сельскай гаспадаркі. За яе плячыма ўжо два гады завочнай вучобы ў сельгасакадэміі.
Спецыяліст, які з дапамогай дзяржавы пабудуе ўласны дом у вёсцы, не паспяшаецца мяняць месца жыхарства -- ён аддасць перавагу службоваму росту на месцы. Ён будзе старацца трымаць на вышыні свой уласны гонар і гонар сельгаспрадпрыемства.
Мікола ЕРМАКОЎ.
Фота Уладзіміра СІЗА, "БН"