Першы жалобны стол

Источник материала:  
20.11.2009

Трохдзённы цыкл пахавальных абрадаў заканчваўся жалобным сталом.

Усе ўдзельнікі пахавання гуртам вярталіся дадому, каб справіць калектыўна-родавую трапезу, якая адначасова сімвалізавала ўшанаванне памерлага і прадаўжэнне жыцця. Аднавяскоўцы імкнуліся падтрымаць сям’ю, якую напаткала гора, добрым словам, шчырым спачуваннем, абяцаннем дапамагчы ў час правядзення пасяўных работ і збору ўраджаю.Як толькі ўдзельнікі пахавання заходзілі ў двор, жанчыны выносілі вядро з вадой, ручнік, мыла і конаўку, каб кожны памыў рукі перад парогам хаты. Там, на могілках, людзі бралі рукамі магільны жвір, г.зн. уступалі ў непасрэдны кантакт з “тым” светам, светам даўно памерлых продкаў, а такі кантакт быў небяспечным для фізічнага здароўя чалавека, стану яго псіхікі, энергетычнага патэнцыялу. Таму абавязкова трэба было памыць рукі (як асноўны канал камунікацыі, сувязі), каб не прынесці ў хату новую смерць.Спачатку святар або нехта са старэйшых жанчын чыталі малітву пры запаленай свечцы, а затым ужо гасцей садзілі за стол. Зразумела, што за сталом абавязкова павінна было быць месца для памерлага. Сярод беларусаў вядомы два варыянты афармлення гэтага месца. У адным выпадку ў чырвоным куце ставілі асобны невялікі столік, на якім размяшчалі бохан хлеба, сальніцу, шклянку з зернем жыта, пшаніцы ці аўса, у якую ставілі памінальную свечку, а таксама талерку для рытуальных страў. У другім — месца для памерлага вызвалялі ў тарцы стала побач з чырвоным кутом, а на лаве пакідалі нават адно вольнае.Важнай акалічнасцю жалобнага стала была пасадка гасцей. Перш-наперш адзначым, што члены сям’і памерлага за памінальны стол ніколі не садзіліся, ні ў якім разе не дапускаліся туды дзеці і моладзь дашлюбнага ўзросту.Стол накрывалі абрусам споднім бокам (левым бокам), тым самым паказваючы “выключнасць” (выключанасць) такога застолля са святочнага і паўсядзённага жыцця людзей. Усе стравы на стол трэба было ставіць абавязкова “парамі”, г.зн. адна і тая ж ежа на дзвюх талерках. А калі ежа была, як кажуць, адзінкавай (напрыклад, катлеты, галубцы), то і іх у талерцы павінна была апынуцца цотная колькасць. Усе гэтыя дзеянні былі накіраваны на тое, каб абараніць усіх тых, хто будзе сядзець на памінках, ад адзіноты. На памінальны стол не клалі нажы і відэльцы, як правіла, елі лыжкамі.Удзельнікі жалобнай трапезы выпівалі тры разы і перакульвалі чаркі, што сімвалізавала заканчэнне вячэры. Першым з-за стала ўставаў самы стары чалавек, а затым адначасова — усе астатнія. Зноў ціха маліліся, выказвалі гаспадарам на развітанне свае спачуванні і ішлі дадому. Стол прыбіралі толькі на наступны дзень, лічылі, што ноччу душы памерлых прыйдуць у госці і таксама падсілкуюцца.

←Подарок со вкусом. Несмотря на кризис, белорусские кондитеры сделали так, чтобы в грядущие новогодние и рождественские праздники подарки для детей оказались не дороже прошлогодних

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика