Аўтары новых песень апынуцца ў судзе. Музычным

Источник материала:  

Музычны суд" — новы праект канала АНТ, якi стартуе 20 лiстапада. Карэспандэнты "Звязды" пабывалi на запiсе адной з першых праграм i высветлiлi, каго, як, а галоўнае, за што будуць судзiць.

Як высветлiлася, "Музычны суд" — гэта вынiк таго самага конкурсу песень, якi тэлеканал абвясцiў яшчэ летам гэтага года пад заклiкам "50 тысяч долараў за песню для "Еўрабачання". Праўда, цяпер у сувязi з цэлым шэрагам акалiчнасцяў слова "Еўрабачанне" ў дачыненнi да тэлепраекта гучыць у зусiм iншым кантэксце — гледачы i суддзi абмяркоўваюць, цi маглi б конкурсныя песнi прадставiць нашу краiну на мiжнародным узроўнi — напрыклад, на "Еўрабачаннi", — а аўтару песнi-пераможцы абяцаная ад АНТ паездка на "Еўрабачанне-2010" у Нарвегiю.

Аўтары новых песень апынуцца ў судзе. МузычнымI тым не менш нават пры гэтых умовах аўтары, самародкi i прафесiяналы, праявiлi да конкурсу павышаную цiкавасць. Як расказалi нам у прэс-службе АНТ, на 1 кастрычнiка было атрымана больш за 200 работ з усяго свету (так, сярод канкурсантаў ёсць Iбiца, Нiдэрланды, Фiнляндыя, а ёсць i ветэраны беларускага нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" — у прыватнасцi, гурт "Litesound" пасля чатырох гадоў спробаў вырашыў узяць конкурс зморам i выступiць у якасцi калi не выканаўцаў, то сааўтараў песнi). З дасланых песень творчая экспертная камiсiя — iмёны яе ўдзельнiкаў не называюцца, каб выключыць магчымасць аказання на iх цiску з боку пакрыўджаных аўтараў — адабралi 25 песень для ўдзелу ў прэм'ернай серыi: 5 праграм па 5 кампазiцый у кожнай. А пакуль з iх суддзi i гледачы будуць выбiраць найлепшыя — прыём заявак працягнуты да 1 лютага 2010 года, так што праект абяцае стаць доўгайграючым.

Зрэшты, больш чым перспектывамi "Музычнага суда" гледачы, якiя сабралiся на здымкi праекта ў Нацыянальнай школе прыгажосцi, цiкавiлiся, хто рызыкне рулiць працэсам. I тут усiх чакаў сюрпрыз.

— Ах, якая жанчына! — сустрэла мужчынская частка аўдыторыi выхад на сцэну вядучай, бялявай прыгажунi Сашы Паўлавай.

— Яна ж уся сiлiконавая! — пырхалi гледачы-жанчыны, але пагасiць мужчынскiя захапленнi гэтым не атрымалася.

Што да суддзяў, то ў iх выбары прадзюсары АНТ сумясцiлi логiку i папулiзм. Як вядома, у музыцы i футболе ў нас разбiраюцца ўсе без выключэння, таму ў журы, што будзе мяняцца кожную праграму, запрошаныя як асобы больш-менш прафесiйныя — папулярныя выканаўцы, прадзюсары, кампазiтары, тэле- i радыёвядучыя, музычныя журналiсты, — так i "проста слухачы" — хатнiя гаспадынi, настаўнiкi, медыцынскiя работнiкi i г.д. Зрэшты, можа яно i правiльна: няхай аўтары хоць раз напрамкi даведаюцца, што думае пра iхнiя "нятленкi" публiка. Тым больш, што пасля кожнай песнi — а гэта ўжо стала сюрпрызам для суддзяў — яе аўтар выходзiць на сцэну i ўважлiва слухае ўсе заўвагi. А сярод іх трапляюцца i вельмi жорсткiя.

— Нiчога такая, — ацанiў чарговую кампазiцыю Аляксей Хлястоў. — На жаль, гэта i ўсё, што можна аб ёй сказаць. Асабiста я ў гэту песню грошай не ўкладваў бы.

— Нават на конкурсе "Песню бярыце з сабою" яна нявартая з'явiцца, — вынес прысуд яшчэ адной конкурснай заяўцы спявак i тэлевядучы Дзмiтрый Врангель.

— Песня, у любым жанры — гэта справа цёмная, — астудзiў судзейскi запал калег кампазiтар Iгар Лучанок, узгадаўшы, што некаторыя з яго ўласных песень былi нiзка ацэненыя на конкурсах, але тым не менш "пайшлi ў народ".

Самым цяжкiм для членаў журы аказалася патрабаванне ацэньваць па 10-бальнай сiстэме толькi песнi, а не выкананне i выканаўцаў (у ролi апошнiх выступiлi ўдзельнiкi тэлепраекта "Новыя галасы Беларусi", якiх спецыяльна, каб не адцягвалi ўвагу, апранулi спрэс у чорнае, але дапамагло гэта мала). "Як можна не звяртаць увагi на выканаўцу, калi перад табой прыгожанькая дзяўчына? — здзiўлялiся ў перапынках суддзi. — Тады было б лепей паставiць на сцэне непразрысты экран, каб угадваўся толькi сiлуэт...". З гэтым меркаваннем была салiдарная i публiка ў зале, узнагароджваючы маладых спевакоў апладысментамi за асабiстае абаянне, незалежна ад якасцi песень, якiя гучалi.

"Я лiчу, што трэба iсцi ад выканаўцы да песнi — спачатку шукаць вобраз, а потым ужо адпаведную яму кампазiцыю, — падзялiўся ўражаннямi пасля запiсу адзiн з суддзяў, лiдар гурта "Палац" Алег Хаменка, якi не так даўно сам выступаў у ролi канкурсанта. — I тым не менш такi фармат адбору таксама даволi цiкавы. А тое, што з'явiцца шмат новых iмёнаў i цiкавых песняў — у любым выпадку вялiзны плюс гэтага праекта". А многiя з аўтараў бачаць "плюс" ужо ў тым, што iхнюю творчасць пачуюць. "Я не быў на радзiме бацькоў 40 гадоў, — расказаў адзiн з аўтараў, пенсiянер Яўген Малашка з Крывога Рога (Украiна). — I цяпер шчаслiвы проста ад таго, што атрымалася прыехаць, сустрэцца з роднымi ды яшчэ асабiста сказаць беларусам, як я iх люблю!".

...Роля адвакатаў у "Музычным судзе" выпала тэлегледачам, якiя з дапамогай СМС выберуць у кожнай праграме сваю песню-фаварытку. Такiм чынам, у фiнальнай праграме прагучаць 10 песень — 5 з iх абярэ журы, 5 "выратуюць" гледачы, i яны ж пасля тэлефонным галасаваннем ад кожнай вобласцi Беларусi вызначаць пераможцу фiналу. Лёс 50 тысяч долараў мяркуецца вырашыць пасля завяршэння ўсiх этапаў праекта "Музычны суд".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←Овсянка, сэр!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика