Комплекс Мiнскае замчышча плануецца стварыць да 2013 года
У рамках рэканструкцыi гiстарычнага цэнтра сталiцы плануецца стварыць гiсторыка-археалагiчны комплекс "Мiнскае замчышча". Яго канцэпцыю распрацавалi спецыялiсты УП "Мiнскпраект". Аб'ект будзе складацца з трох частак. На месцы спарткомплексу "Працоўныя рэзервы", што ў пачатку праспекта Пераможцаў, створаць у натуральную велiчыню макет фрагмента горада ХІI стагоддзя з уязной брамай, абарончымi валамi, храмам, вулiцамi i дамамi.
Блiжэй да ракi пабудуюць падземную залу-амфiтэатр. Тут будуць дэманстравацца самыя каштоўныя археалагiчныя знаходкi. Трэцяя частка комплексу, Нiжнi рынак, размесцiцца блiжэй да станцыi метро "Нямiга". Гэта будзе новы аб'ект, якi не будзе прэтэндаваць на гiстарычную дакладнасць, а толькi выкарыстае матывы сярэдневяковага гарадскога рынку. Тут мяркуецца прадаваць сувенiры, прадметы мастацтва, наладжваць сезонныя пункты грамадскага харчавання, выступленнi артыстаў, клоўнаў, фокуснiкаў. На працягу наступнага года будуць весцiся праектныя работы, а пабудаваць комплекс плануецца да 2013 года.
Вольга ЖАРЫНА, "Мiнск—Навiны".