НАТО занепакоена беларуска-расійскімі ваеннымі вучэннямі «Захад-2009»
НАТО занепакоена беларуска-расійскімі ваеннымі вучэннямі «Захад-2009», якія прайшлі ў верасні.
Пра гэта, як паведамляе агенцтва AFP, заявіў 18 лістапада ў Бруселі афіцыйны прадстаўнік альянсу Джэймс Апатурай па выніках пасяджэння Савета НАТО на ўзроўні паслоў 28 краін-членаў НАТО.
Паводле яго слоў, удзельнікі пасяджэння выказалі занепакоенасць маштабнасцю вучэнняў, якія сталі «самымі буйнымі» пасля заканчэння «халоднай вайны», і тым, што Расія не запрасіла на вучэнні замежных назіральнікаў.
Апатурай таксама адзначыў, што ўдзельнікі пасяджэння выказалі занепакоенасць з нагоды таго, што сцэнарый беларуска-расійскіх вучэнняў прадугледжваў атаку на Расію з боку Захаду.
Паводле слоў Апатурая, НАТО працягне абмеркаванне гэтых вучэнняў і іх магчымы ўплыў на адносіны паміж альянсам і Расіяй. Акрамя таго, НАТО можа запрасіць дадатковыя растлумачэнні ў сувязі з вучэннямі ў расійскага боку.
Раней міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі напісаў ліст генеральнаму сакратару НАТО Андэрсу Фог Расмусену, у якім заклікаў НАТО звярнуць увагу на беларуска-расійскія сумесныя вучэнні.
Вучэнні «Захад-2009» праводзіліся на тэрыторыі Беларусі з 18 па 29 верасня.