Бананы ў шакаладзе
З пачатку года беларускiя кандытары асвоiлi больш за 170 новых вiдаў прадукцыi
Кандытарскiя прадпрыемствы канцэрна "Белдзяржхарчпрам" маюць намер значна павялiчыць колькасць традыцыйных падарункаў да Новага года: калi летась былi падрыхтаваныя каля 2 млн святочных набораў, то сёлета гэта лiчба ўзрасце да 2,7 млн штук. З улiкам рознага ўзроўню даходаў грамадзян краiны вага салодкiх падарункаў складзе ад 300 грамаў да 2,5 кiлаграма, а, адпаведна, кошт — ад 6 да 75 тысяч рублёў. Пры гэтым сёлета вядомыя айчынныя вытворцы "Камунарка" i "Слодыч" правядуць невялiкi сумесны эксперымент: апроч цукерак, у некаторых наборах з'явiцца печыва.
Як паведамiла намеснiк начальнiка ўпраўлення каардынацыi i развiцця цукровай i кандытарскай галiн "Белдзяржхарчпрама" Людмiла Фамiна, у цэлым за студзень—кастрычнiк прадпрыемствамi канцэрна выраблена больш за 74 тыс. тон салодкай прадукцыi. Прычым, нягледзячы на праявы крызiсу i змяншэнне спажывецкага попыту на шэраг тавараў, тут удалося захаваць стабiльнасць. Больш за тое, чакаецца, што па вынiках года рост вытворчасцi ў супастаўных цэнах тут складзе 3 працэнты. І адна з прычын гэтага — павелiчэнне магчымасцяў айчынных прадпрыемстваў.
Паводле праграмы развiцця галiны, за 2006—2010 гады яе магутнасцi павiнны ўзрасцi на 19,8 тыс. тон, што па сутнасцi адпавядае аб'ёмам адной буйной кандытарскай фабрыкi. Толькi летась, адзначыла Людмiла Фамiна, была ўведзена лiнiя па вытворчасцi цукерак асарцi з розным начыннем i шакаладу дробнай расфасоўкi на фабрыцы "Спартак" — лiнiя дазваляе вырабляць паўтары тоны прадукцыi ў гадзiну. Таксама пачала працаваць новая лiнiя па вытворчасцi жэлейнага мармеладу на "Чырвоным Мазыранiне", мадэрнiзавана лiнiя па вытворчасцi цукровага печыва на "Слодычы", зроблена шмат для павелiчэння аб'ёмаў расфасаванай прадукцыi.
Адначасова пераўзбраенне дазволiла значна пашырыць асартымент. З пачатку гэтага года кандытарскiя прадпрыемствы асвоiлi вытворчасць больш чым 170 навiнак. Напрыклад, "iскрынкамi" "Камунаркi" сталi цукеркi i батончыкi суфле, "Спартака" — новыя вiды цукерак з арэхамi, "Чырвонага Мазыранiна" — вiтамiнiзаваны зефiр, удалай распрацоўкай "Чырвонага харчавiка" аказалiся арыгiнальныя цукеркi "бананы ў шакаладзе", кампанiя "Iвкон" прапанавала "французскiя дэсерты", "Першая шакаладная кампанiя" вывела на рынак горкi шакалад з дабаўкамi мiндалю i цукатаў, горкi шакалад з бiсквiтам, а неўзабаве у крамах з'явiцца малочны шакалад з дабаўленнем натуральных экстрактаў зялёнай гарбаты i лiмоннiка. Дарэчы, варта заўважыць: раней значная частка айчыннага рынку тут "закрывалася" iмпартам.
Адна з пераваг айчыннай прадукцыi ў параўнаннi з замежнымi аналагамi — больш нiзкая цана. Па асобных вiдах рознiца даходзiць да 60 працэнтаў. Мiж тым, iмпарт — тэма асаблiвая. Сёлета ён скарачаецца, але па-ранейшаму амаль займае чвэрць айчыннага рынку. I ў тым лiку па даволi аб'ектыўнай прычыне. Сёння агульнае "ўнутранае" спажыванне Беларусi ацэньваецца ў 160 тыс., тады як агульныя магутнасцi айчынных прадпрыемстваў складаюць 165 тыс. тон. Сiтуацыя нiбыта някепская. Аднак самi вытворцы канстатуюць: апошнiм часам прыярытэты беларусаў пачалi змяняцца. У краiне знiжаецца попыт на карамель. I адначасова — павялiчваецца папулярнасць шакаладных цукерак вышэйшых гатункаў.
У сувязi з гэтым вытворчыя "рэзервы" будуць узрастаць. I зноў-такi павiнен пашырыцца асартымент: у наступным годзе "Камунарка" збiраецца набыць новую лiнiю i павялiчыць вытворчасць суфле, "Спартак" — асвоiць шакаладныя батончыкi з новым смакам, "Першая шакаладная кампанiя" — новыя цукеркi з садавiной, "Слодыч" — печыва павышанай намакальнасцi для дзiцячага харчавання. Плюс да таго, павысяцца патрабаваннi да якасцi iмпарту. Як паведамiла Людмiла Фамiна, у найблiжэйшы час пачне работу новая лабараторыя ў НПЦ па харчаваннi Акадэмii навук. Лабараторыя будзе праводзiць кантроль усяго шакаладу, якi ўвозiцца ў нашу краiну.
Што да экспарту беларускай кандытарскай прадукцыi за мяжу, то для прасоўвання на рынкi той жа Расii айчынныя вытворцы займаюцца вырашэннем дзвюх задач — перанайменнем некаторых вядомых гатункаў цукерак i стварэннем новых брэндаў. Прычым самi па сабе цяжкасцi з пастаўкамi ў Расiйскую Федэрацыю прывялi да дыверсiфiкацыi напрамкаў продажу. Сёння 37 працэнтаў экспарту прыпадае на "трэцiя краiны" — у прыватнасцi, на ЗША, Iзраiль, а таксама дзяржавы Сярэдняй Азii.
Сяргей ГРЫБ.