Пачынаецца візіт дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асецію
17 лістапада пачынаецца візіт дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ў Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асецію. Пра гэта паведамілі ў прэс‑службе Палаты прадстаўнікоў.
Падчас паездкі, якая будзе доўжыцца да 20 лістапада, беларуская дэлегацыя правядзе сустрэчы з дэпутатамі, прадстаўнікамі выканаўчай улады, грамадзянамі «для вывучэння грамадскай думкі, дзейнасці ўладаў па забеспячэнні нармальнага жыцця ў рэспубліках».
Як раней паведамлялася, 5 лістапада Савет Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні рабочай групы з прадстаўнікоў дзвюх палат парламента «з мэтай атрымання дадатковай інфармацыі аб пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама выпрацоўкі рэкамендацый для разгляду гэтага пытання Палатай прадстаўнікоў».
Расія прызнала незалежнасць рэспублік у канцы жніўня 2008 года. Грузія ў адказ на гэта разарвала дыпламатычныя адносіны з РФ і аб’явіла Абхазію і Паўднёвую Асецію акупаванымі тэрыторыямі. Апрача Расійскай Федэрацыі незалежнасць рэспублік прызнала Нікарагуа.
10 верасня 2009 года падчас візіту ў Маскву прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес заявіў, што яго краіна прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
Адозвы Абхазіі і Паўднёвай Асеціі з просьбай прызнаць іх незалежнасць паступілі ў беларускі парламент у канцы 2008 года; парламенцкія камісіі іх вывучаюць.