Акцыя Салідарнасці з палітвязнямі – на Кастрычніцкай
На Кастрычніцкай плошчы Мінска пачалася акцыя салідарнасці з палівязнямі і памяці зніклых беларускіх вядомых дзеячоў.
18:10
Зараз на плошчы каля 40 чалавек, міліцыя не ўмешваецца.
Да акцыі далучыліся мастак Алесь Пушкін і сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі.
Удзельнікі акцыі гукаюць «Жыве Беларусь» і «Свабоду палітвязням».
Узняўся адзін бел-чырвона-белы сцяг.
18:03
Перад пачаткам акцыі нехта на плошчы запусціў феерверк.
Зараз на плошчы — каля 30 чалавек. Сярод іх палітыкі і грамадскія дзеячы — экс-старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, старшыня Аб"яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывіст ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, маладафронтаўцы Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч, кіраўнік аргкамітэта руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
Людзі трымаюць расцяжку: Мы помнім», партрэты зніклых — Ганчара, Красоўскага, Захаранкі, Завадскага, а таксама сённяшніх палітвязняў: Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Асіпенкі, Арцёма Дубскага, бізнесмена Андрэя Бандарэнкі.
***
Ужо чацвёрты год кожны месяц 16‑га дня праходзіць акцыя ў падтрымку палітвязняў і сем’яў зніклых. У розных гарадах Беларусі і замежжа людзі выходзяць на вуліцы са сцягамі і партрэтамі, каб прызваць беларускія ўлады да спынення рэпрэсій і да палітычных зменаў у краіне.
16 лістапада акцыя «Салідарнасці» мае на мэце нагадаць грамадству, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць вязні сумлення:
гэта ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі.
Таксама ў Беларусі па‑ранейшаму амаль не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999‑2000 гадах апазіцыйных лідэраў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.