Лукашэнка: «Такога разгільдзяйства я нідзе не бачыў!»
Аляксандр Лукашэнка даручыў выявіць вінаватых у зрыве праекта субмікроннай вытворчасці на «Інтэграле» і разабрацца з наяўнай сітуацыяй.
Такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы, наведваючы ў пятніцу мінскае навукова‑вытворчае аб’яднанне «Інтэграл», дзе ён пазнаёміўся з рэалізацыяй праекта па стварэнні айчыннай субмікроннай вытворчасці.
«Мы выдзелілі ў свой час сродкі, паставілі вам умовы. Вы іх выканалі? Не. Вы нічога не зрабілі і сёння просіце выдзеліць яшчэ, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не разлічвайце, грошай больш не будзе.
Сёння размова ідзе аб тым, хто за ўсё адкажа. За гэтыя грошы мы маглі б стварыць новую вытворчасць. Мяне сённяшняя работа прадпрыемства не задавольвае. Мне такая праца не патрэбна».
«Вы прыйшлі да мяне, сказалі: дайце нам грошы. Былі тысячы прапаноў, у тым ліку і па продажы «Інтэграла». Я яго не прадаў, выдзеліў вам грошы. Вы сказалі: вось тры праекты, праз некалькі гадоў мы будзем даваць у казну. Прайшоў час. Дзе тавар? Дзе аддача?» — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных.
На прадпрыемстве планавалася рэалізаваць тры асноўныя праекты субмікроннай вытворчасці. Цяпер асноўны праект «Субмікрон К» практычна не працуе.
Запазычанасць прадпрыемства перад крэдыторамі і дзяржавай складае каля Br300 млрд. Як падкрэсліў Лукашэнка, прадпрыемства не атрымае больш ні бюджэтных сродкаў, ні пазык. «За бюджэт мы не будзем утрымліваць ні адну вытворчасць.
Будзем зыходзіць з таго, што грошай больш не будзе!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў кіраўнік прадпрыемства Віталь Саладуха, каб праекты пачалі працаваць на магутнасць, неабходны час на тэхналагічную даводку. Да канца 2010 года вытворчасць можа выйсці на запланаваныя магутнасці.
Першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка праінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што цяпер прадпрыемствам асвоена пяць вырабаў, да канца 2010 года плануецца асвоіць яшчэ 20. Тады праект будзе акупляцца. Урад прапануе свой варыянт пераадолення крызіснай сітуацыі на «Інтэграле», г.зн. прадпрыемству неабходна даць статус Парку высокіх тэхналогій, акцыянаваць і выдзеліць дадатковыя сродкі, каб да канца наступнага года выйсці на запланаваныя паказчыкі. Аднак, як падкрэсліў Лукашэнка, яго не задавольваюць такія дзеянні. «Прадаваць завод я не гатовы, у тым ліку і акцыяніраваць. Калі вы хочаце рэструктурызаваць даўгі, ідзіце ў банкі, дамаўляйцеся з імі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Шукайце грошы, дзе хочаце, але бюджэтных грошай вы не атрымаеце і падаткі будзеце плаціць спаўна».
Аляксандру Лукашэнку паказалі тэхналагічны працэс вытворчасці інтэгральных мікрасхем у рамках інвестыцыйнага праекта «Субмікрон К». Аднак ён заўважыў: «Тут няма чаго глядзець! Я не хачу ўнікаць у тэхналогію.
Ну і што, што складаная вытворчасць. Гэта для мяне складана, а для вас не павінна быць складанасцей. Вы ж капіюеце сусветную практыку».
Лукашэнка даручыў праваахоўным органам, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Адміністрацыі прэзідэнта разабрацца, хто вінаваты ў неэфектыўным расходаванні сродкаў, зрыве тэрмінаў, і далажыць. «Гэта размова датычыцца ўсіх у краіне. Па законе будзе. Па законе павінны сядзець — будзеце сядзець. Не вінаватыя — сядзець не будзеце», — падкрэсліў ён.
Наступным прадпрыемствам, з сітуацыяй на якім мае намер разабрацца Лукашэнка, стане Шклоўская папяровая фабрыка, а затым — гродзенскі «Азот».
Аляксандр Лукашэнка таксама назначыў адказным за гэта прадпрыемства першага намесніка прэм’ер‑міністра Уладзіміра Сямашку. «З заўтрашняга дня вы несяце персанальную адказнасць за стан завода», — звярнуўся ён да Уладзіміра Сямашкі.
Паводле БЕЛТА