ААН: чаканне аналізаў можа прывесьці да смерці
Сусветная арганізацыя аховы здароўя назвала Беларусь сярод краін, найбольш закранутых эпідэміяй свінога грыпу, і раіць дактарам як мага хутчэй ужываць у лячэнні антывірусныя прэпараты, каб прадухіліць смяротныя выпадкі.
Арганізацыя, якая ўваходзіць у структуру ААН, заявіла, што дасылае антывірусныя прэпараты ў развіваныя краіны, найбольш закранутыя свіным грыпам — Азербайджан, Аўганістан, Беларусь, Кіргізію, Манголію і Украіну.
Раней Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіла чакаць вынікаў аналізаў перш чым даваць пацыентам антывірусныя прэпараты. Але цяпер спецыялісты арганізацыі кажуць, што затрымка ў чаканні вынікаш аналізаў можа прывесьці да смерці хворых, асабліва тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі
— цяжарных жанчын, дзяцей да 2 гадоў і людзей з праблемамі дыхання.
Спецыялісты СААЗ спасылаюцца на паведамленні дактароў з рэгіёнаў закранутых эпідэміяй, што вірус выклікае ў некаторых пацыентаў вельмі рэзкае пагаршэнне — звычайна праз пяць ці шэьць дзён пасля першых сімптомаў. Пры гэтым часта пачынаецца вірусная пнеўманія, якая знішчае лёгкія і не лечыцца антыбіётыкамі.
Медыкі, аднак, не раяць ужываць антывірусныя прэпараты людзям, якія не ўваходзяць у групу рызыкі і маюць сімптомы звычайнай прастуды, а таксама здаровым людзям у якасці прафілактыкі.
Доктар Нікі Шындо, якая працуе ў праграме супраць грыпу, сказала журналістам у Жэневе:
«Мы таксама рэкамендуем, каб дэцэнтралізавалі размеркаванне антывірусных прэпаратаў і гарантавалі, каб звычайныя дактары мелі доступ да гэтых лекаў для сваіх пацыентаў. Пацыенты не павінны наведваць шпіталь для таго, каб атрымаць рэцэпт на антывірусны прэпарат».