Лiдар этна-трыа Троiца Іван Кiрчук: Нашы песнi спяваюць, як калыханкi

Источник материала:  

Гасцёўня

Лiдар этна-трыа Троiца Іван Кiрчук: Нашы песнi спяваюць, як калыханкi...Мне здавалася, што перад такiм адказным выступленнем, як намечаны на 15 лiстапада канцэрт з нагоды ўласнага 10-годдзя, музыканты павiнны замкнуцца ў студыi i рэпецiраваць, не шкадуючы пальцаў i звязак. Насамрэч жа этна-трыа "Троiца" нiдзе не замыкалася, а толькi-толькi вярнулася з Латвii, з чарговага музычнага фэсту. "Як з'ездзiлi?" — цiкаўлюся ў галоўнага вакалiста гурта, заспеўшы яго памiж заняткамi са студэнтамi на кафедры этнаграфii i этналогii БДПУ iмя М.Танка.

— Выдатна! — усмiхаецца ў бараду Iван Iванавiч. — Гэта якраз добрая рэпетыцыя, а потым, кожны такi фестываль доўга чакаеш. Напрыклад, тыя фольк-фэсты, на якiх мы пабывалi ў гэтым годзе, — у Пецярбургу была "Этнамеханiка", "Джаз. Кактэбель" ва Украiне, фэст у Польшчы, у Германii... Яны ўсе нам цiкавыя, бо гэта заўжды новыя людзi, новыя пляцоўкi.Увогуле, гэта наша жыццё. Што ж мы будзем у студыi сядзець, чакаць невядома чаго.

Дарожная фiласофiя

"Дарогi — як нiткi, са сваiмi вузельчыкамi памяцi. Вось яшчэ адзiн вузельчык завязалi. Прыемная i добрая праца зладжанай каманды. Не цягнуцца гэтыя нiткi па зямлi, а ляцяць над ёй, выносячы i пераносячы нас усё далей у будучыню. Крок, крок, крок... Правая нага ўжо ў сучаснасцi, а левая ўжо ў мiнулым. I так — крок за крокам. I за многае не сорамна. Дзякуй, Божа!" (З кнiгi I. Кiрчука "Аўтабаны i менестрэлi")

Толькi за апошнiя тры месяцы этна-трыа "Троiца" наматала ў гастрольных паездках 18 тысяч кiламетраў. Самы вялiкi на памяцi гурта — тур Малайзiя — Амстэрдам даўжынёй у 7 тысяч км. А за ўсе мiнулыя гады — калi далучыць яшчэ папярэднiя ваяжы з ансамблем "Дзiва" — лiк, пэўна, iдзе на сотнi тысяч?

— Цi ёсць з мноства дарог любiмы маршрут — месца, куды прыязджаеш, як дадому, куды хочацца вяртацца зноў i зноў?

— Душа заўсёды адчувае сябе найлепш тут, у хаце. Бо колькi б мы дзе нi былi (i гэта не толькi мае словы, абодва Юры — Паўлоўскi i Дземiдовiч — iх не раз пацвярджалi), бывае вельмi цiкава, i прымаюць добра, i ўмовы выдатныя, але — ёсць хата, ёсць бацькi, сёстры, дзецi, праца... Таму сюды вяртаешся заўсёды. Любiмае месца? Можа, мора. Мора i горы — вось такое спалучэнне, якое больш спрыяе творчасцi. Тое, чаго няма ў Беларусi. Бо наша Мiнскае мора — невялiчкае i несалёнае.

— У дзённiкавых запiсах 2000 года вы называлi Мiнск "перавалачнай базай": перачакаць, перадыхнуць i зноў ехаць. Цяпер стаўленне змянiлася?

— Цяпер у мяне з'явiўся свой невялiчкi будыначак — хатка. Мама падаравала. На Гарадзеншчыне, у вёсачцы Радзiвонiшкi Лiдскага раёна. Дарэчы, так атрымалася, што ў гэтай жа вёсцы знаходзiцца царква, якой я падараваў iкону, якую хаваў 27 гадоў, пакуль гэта царква будавалася. А далей я ўжо дазнаўся, што ў Скрыбава i мой дзед, мамiн бацька, млынар Томаш, пахаваны — там млын быў... Атрымалася такая нечаканая сувязь пакаленняў. У гэтым месцы хатку будаваў бацька, якога ўжо няма, месца, дзе ёсць калодзеж з чыстай вадой, — цяпер там тое месца, дзе я праводжу ўсё больш часу, адпачываю душой i целам. У кожнага чалавека, мне здаецца, павiнна быць такое месца. Бо горад сам па сабе — гэта мясарубка. У горадзе ў мяне пад акном дарога з шасцю палосамi машын, i калi адчыняеш акно, то тэлевiзара не чуваць.

— Дарога — гэта яшчэ месца, поўнае прыкмет i прымхаў. У "Троiцы" ёсць свае дарожныя забабоны цi традыцыi, каб падарожжа было ўдалым?

— Не, хiба што тыя малiтвы, якiм бабуля вучыла, калi выпраўляла ў нейкую дарогу. Гэта засталося. I ведаеце, гэта працуе. Калi забываеш iх, то лёс заўсёды цябе папракае, i спахапляешся — чаму ж не прачытаў? Або проста паназiраеш за старымi людзьмi, якiя, напрыклад, сядаюць у электрычку. Першае, што яны робяць, — перахрысцяць сябе. Здавалася б, нашто гэта рабiць, там ехаць 10-15 хвiлiн. Але вераць, робяць — хто вiдавочна, хто ў думках, не паказваючы. Я, пражыўшы 50 гадоў, на сабе адчуў, што нешта ў сувязi з гэтым усё ж адбываецца. А ў нас былi розныя рэчы — i да аварый даходзiла, "Троiца" за 10 гадоў шмат чаго мела. Нават цяпер — вярталiся з Латвii, ехалi праз лес, хацелi скарацiць шлях, i нас так крутнула, што каб не было кювета, забiлiся б, мабыць... I першае, што Юра падумаў: "Вось зломiм усе iнструменты, на чым мы будзем iграць канцэрт?". Мы сутыкнулiся з дрэннымi дарогамi ў летнiх турах па Украiне i Расii, было шмат аварыйных сiтуацый, калi ўсё вырашаецца за лiчаныя хвiлiны. Таму засцярогi патрэбныя, я ведаю, што i мацi, i сёстры мае не забываюцца малiцца, калi я выпраўляюся ў дарогу. Думаю, у хлопцаў бацькi i жонкi таксама перажываюць, каб мы шчасна даехалi i вярнулiся.

— У замежных паездках вялiкi клопат — не толькi дарогi, але i памежнiкi. Цi змянiлася нешта ў стаўленнi да музыкантаў за апошнi час?

— Працэдура мытнага афармлення не скарацiлася, бо дэклараваныя намi iнструменты ўносяцца ў камп'ютар, i гэта займае пэўны час, асаблiва калi чалавек гэтым камп'ютарам дрэнна валодае. Але бывае па-рознаму. Ёсць тая мяжа, дзе лiшняй цяганiны няма, бо нас пазнаюць, — гэта выезд у Польшчу, дзе памежнiкi кажуць: "О, "Троiца", выдатны гурт, вы ў нас былi на фестывалях, мы вас добра ведаем, праязджайце".

— Дарэчы, пра вашу калекцыю музычных iнструментаў ходзiць устойлiвая легенда, што нельга пералiчваць iх колькасць...

(Смяецца.) Любяць людзi легенды! Я сапраўды не ведаю дакладную колькасць, таму што не лiчу, да таго ж мы кожны раз нешта новае прывозiм. Вось, напрыклад, з Галандыi прывезлi гэтыя тыбецкiя чаны — iх тры, або трашчотка ў выглядзе дэльфiна — не сказаць, каб была вельмi каштоўная, ёсць i беларуская такая, але мне надзвычай цiкавы яе выгляд. У шафе ляжаць акарыны — ёсць нашы, зробленыя беларускiмi майстрамi, ёсць прывезеныя... Ды тут у кожным чамадане поўна ўсяго, i займацца пералiчваннем не мае сэнсу.  

Я ж не тое што збiраю экспанаты, як калекцыянер, я падбiраю тэмбр да песень, якiя мы рыхтуем. Бывае так, што iнструмент праляжыць тут i тры, i пяць гадоў, пакуль яму не знойдзецца прымяненне. А можа так быць, як з акарынай Дзянiса Грома, — яна ў кожным нашым альбоме, бо ў яе выдатны гук, такое iнтымнае, беларускае гучанне...

Менестрэлi i фестывалi

"Так, прыемна, калi Наша даходзiць. Але такое бывае не заўсёды i не ўсюды. Я думаю, фэст, любы — як жывы арганiзм. Жадае стравы-музыкi! Вось ён пакаштаваў малдаўскага вiна, балгарскага сыру, нямецкiх сасiсак, i яму захацелася беларускiх дзернiкаў. На, прывезлi!" (Там жа).

— "Троiца" — бадай, адзiн з першых калектываў, якi людзi ўзгадваюць, разважаючы, хто i што можа годна паказаць Беларусь за мяжой.

— Мы i паказваем.

— I атрымлiваецца, што замежных выступленняў у "Троiцы" нашмат больш, чым беларускiх. Чаму так? Еўрапейцы лепш разумеюць беларускiя напевы, чым самi беларусы?

— Мне цяжка гэта растлумачыць, бо я не чалавек улады, а толькi выканаўца. I з майго пункту гледжання — а дзе выступаць? Напрыклад, у Канадзе штогод адбываецца 1200 фестываляў у год па фальклоры. Гэта можа быць этна-джаз, фольк-джаз, сучасныя Wоrld Musiс-фестывалi i г.д. У нас такога няма. "Таўкачыкi" — гэта спробы, спробы, спробы. "Вольнае паветра" — я ў кнiзе ўзгадваў пра гэты фэст, хацеў бы добра напiсаць, але не атрымалася, i мы выязджалi адтуль з жалем у сэрцы. Можа, каб былi такiя фэсты, як еўрапейскiя, якiя могуць пахвалiцца, што яны iснуюць 20—30 гадоў, i прымаюць па 30—40 каманд на розных пляцоўках, — тады з'явiлася б больш зацiкаўленых людзей. Няма ў нас i этнiчнай радыёстанцыi. У Нямеччыне мы чулi такое радыё, i першае, што здзiвiла — гучала музыка розных краiн без перапынкаў на рэкламу. У некаторых краiнах ёсць i адпаведныя тэлепраграмы. Можа, таму што там такая зацiкаўленасць да фальклору, вельмi дорага каштуюць дыскi — пад 30 еўра, дарагi ўваход на фестывалi — у Галандыi адзiн бiлет можа каштаваць 60-70 еўра. У нас нават калi бясплатны ўваход — гэта ж трэба арганiзаваць, паклапацiцца, каб людзi даехалi. Таму я ўсiм кажу: з'ездзiце, паглядзiце, як робiцца, што трэба, каб выглядаць на ўзроўнi. А местачковы сход з 10 гуртоў — лiчу, што гэта не фестываль, бо на iм няма нiякай этнiчнай зоркi з iншай краiны. Калi мы будзем iграць адзiн аднаму i глядзець самi на сябе, мы не навучымся.

— Здагадваецеся, што вам адкажуць нашы прадзюсары наконт фестываляў, радыё- i тэлепраграм?

— Што?

— "Гэта камерцыйна нявыгадна".

— Але ж я ўзгадваў ужо пра кошты дыскаў i бiлетаў у Еўропе — там гэта чамусьцi выгадна. Палякi, напрыклад, падаравалi некалькi дыскаў з вялiкай серыi запiсаў, зробленых у розных рэгiёнах Польшчы — выдатна аформленыя кампакты. У нас гэтага зноў жа няма.

— Ведаю, у вас была такая мара — зрабiць запiсы з розных рэгiёнаў Беларусi?

— Была, я зрабiў запiс са Столiншчыны. Потым махнуў рукой, бо гэтым трэба займацца не на маiм узроўнi — я толькi паказаў, як павiнна быць, на прыкладзе адной вёскi. Гэта магло б быць першай ластаўкай. Ёсць кiрмаш традыцыйнай, этнiчнай i фальклорнай музыкi народаў свету Wоmех, якi адбываецца штогод у розных краiнах. Я трапiў на яе ў Ратэрдаме — праўда, не на беларускiм стэндзе, а на афрыканскiм, дзе гучаў мой кампакт-дыск i iшоў вiдэарад з перадачы Дзiброва "Антрапалогiя", у якой "Троiца" брала ўдзел. Дзякуючы гэтаму нас убачылi малайзiйцы i запрасiлi на свой фестываль. Вось падказка тым, хто хацеў бы гэтым займацца, — усё выгадна i прыносiць вялiкiя грошы, проста трэба прадаваць не тут, Мiнску — мiнскае, а вывозiць гэты тавар, народную музыку, за межы краiны.

— Толькi што вывозiць, калi на полi беларускага фольку практычна няма новых гульцоў, усё адны i тыя ж iмёны?

— Iх i не будзе, пакуль няма дзе паказаць сваю творчасць. Iсцi на "Музычны рынг"? Не вельмi мне падабаецца гэта iдэя, бо не можа быць спаборнiцтва сярод музыкаў. Дакладней, яно павiнна быць у продажы кампакт-дыскаў, у колькасцi канцэртаў, мо ў колькасцi прыхiльнiкаў — але не ў лабавым сутыкненнi, "вайне" памiж рознымi музычным плынямi. Таму якiя гурты былi створаны з 1995 года, такiя i засталiся дагэтуль. А мае студэнты, якiя больш-менш спяваюць, кажуць: "Прабачце, Iван Iванавiч, мы пойдзем у "папсу". Таму што яны разумеюць, што адразу пачнуць нешта зарабляць, выдаваць дыскi, iх будуць круцiць на радыё, будуць ведаць.

Бог "Троіцу" любіць?

"Хiба ведаеш, на якi вiток вынесе цябе Лёс? Нiколi. Але ў гэтым i хараство. Там, за паваротам, за маiм новым паваротам мяне зноў нешта чакае..." (Там жа).

Альбом "Жар-жар", якi "Троiца" выпусцiла летась як эксперымент з электронiкай i цяжкiм рокам, нарабiў шуму ў калямузычным асяроддзi, стаўшы пераможцам адразу ў некалькiх айчынных хiт-парадах. "Ад Кiрчука можна чакаць чаго заўгодна. Калi Iван Iванавiч раптам зачытае рэп цi заспявае пад саксафон i фано — не дзiвiцеся", — папярэджвалi крытыкi слухачоў. То мо i праўда "Троiца" гатовая да наступнага эксперыменту?

— Вiдаць, не. Нам хапiла гэтага. Бо альбом павiнен быць, як малое дзiця: 7—9 месяцаў — i ён падрыхтаваны. Мы так працавалi над "Сон-травой", i вiдаць, гэта найлепшы варыянт, калi ты з'язджаеш з хаты, праводзiш днi ў студыi, ночы ў развагах i абмеркаваннях i займаешся толькi музыкай. А "Жар" зацягнуўся на тры гады, за гэты час i мы змянiлiся, i ў музыцы шмат што адышло. Пакуль мы займалiся гэтым праектам, шмат мiнскiх музыкаў паспелi запiсаць i выдаць такiя эксперыментальныя альбомы, а наш расцягнуўся, i ўжо было толькi шкада часу, гукарэжысёра Андрэя Жукава i ўсяго таго, што нам абяцалi. Бо абяцаныя былi падтрымка Масквы, вялiкiя залы, сродкi на тое, каб узяць у каманду яшчэ 3-5 музыкантаў, набыць патрэбныя iнструменты i рабiць гэта "жывым гукам"; але ўсё гэта завiсла. На канцэрце 15 лiстапада прагучаць песнi з "Жару" — "3 анёлы" i "Русальная", але ў iншым, традыцыйна "траецкiм" выкананнi.

— Што з iншых праектаў удалося здзейснiць, а што чакае лепшых часоў? Напрыклад, як склаўся лёс вашай "Батлейкi"?

— На мой погляд, удаўся монаспектакль "Варажбiт", толькi ён быў не ў тэатральнай, а ў канцэртнай зале, якая горш падыходзiла па асвятленнi i дэкарацыях. Потым была прапанова паўтарыць яго ў Ноч музеяў, але гэта супала з канцэртам "Троiцы", таму праект адсунуўся на нейкi час. Нават калi ўдасца яго паўтарыць — прайшло шмат гадоў, я ўспрымаю нейкiя рэчы па-iншаму, таму перагледзеў бы шмат у сцэнарыi. Што да "Батлейкi", апошняе выступленне ў нас адбылося ў Галандыi. Цяпер увесь музей знаходзiцца ў сябра ў Варшаве, забраць гэта сюды немагчыма, бо мы пераязджаем у яшчэ меншае памяшканне, трэба перавозiць "Троiцу" — кампакт-дыскi, архiўныя запiсы, iнструменты. Тое, што тут ляжыць у кейсах, давядзецца, пэўна, забраць дахаты. А са студэнтамi я магу працаваць з адным фартэпiяна, як пачынаў гэта рабiць у 1982 годзе. Калi гэта нiкому не трэба...

Пытаннем, каму i навошта "гэта трэба", Кiрчук задаецца пастаянна. Часам адказу не знаходзiцца. Але ў лiдара "Троiцы" пазiцыя цвёрдая: "Па-першае, я сваю працу не кiну, бо займаюся ёю ўжо 27 гадоў. Па-другое, мне ўсё гэта цiкава — эксперыменты "Троiцы", студэнты, сольныя праекты i яшчэ шмат усяго, што магчыма было б зрабiць. Таму я бачу свой шлях. Для каго гэта будзе — пакажа час. Абнадзейвае тое, што цяпер у канцэртных залах мы бачым людзей розных узростаў. На адным фэсце да мяне падышла маладая жанчына i сказала, што спявае нашы песнi свайму дзiцяцi як калыханкi: "Толькi скажыце, што такое "красачкi"? — "Гэта, — тлумачу, — кветкi". А iншым разам 75-гадовы мужчына напiсаў, што "слухаў на ноч разам з жонкай "Жар", i нiчога, добрая музыка!"

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота з архiваў "Троiцы".

←Школа выживания, но не за счет родителей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика