А вось глыбоцкую газету «Прэфект плюс» не зарэгістравалі
Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала яшчэ адну недзяржаўную газету грамадска‑палітычнай тэматыкі — як мінімум шостую па ліку за апошнія тры месяцы. 10 лістапада заснавальнік рэгіянальнай газеты «Прэфект плюс» (г. Глыбокае, Віцебская вобласць) атрымаў назад дакументы, накіраваныя 7 кастрычніка ў міністэрства для дзяржаўнай рэгістрацыі.
Дакументы вернутыя з той прычыны, што юрыдычная асоба (прыватнае выдавецка‑рэкламнае ўнітарнае прадпрыемства «Прэфект‑інфо»), на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газеты «Прэфект плюс», зарэгістраваная ў жылым памяшканні, — паведамляецца ў афіцыйным лісце ад 6 лістапада за подпісам намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. «Выпуск жа газеты прадугледжвае ажыццяўленне рэдакцыйнай вытворчай дзейнасці», — даводзіць чыноўніца.
Л. Ананіч спасылаецца на п.5 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам прэзідэнта № 1 ад 16.01. 2009 г. «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання». У дакуменце вызначана, што ажыццяўленне вытворчай дзейнасці вымагае пераводу жылога памяшкання ў нежылы фонд.
Адначасова ў выдавецтва «Прэфект‑інфо» ўзнікла праблема з юрыдычным адрасам
ужо зарэгістраванай раней (28 жніўня 2009 г.) у гэтым жа жылым памяшканні аднайменнай рэкламнай газеты («Прэфект‑інфо»). Зараз міністэрства прапануе ў месячны тэрмін «прыняць вызначаныя заканадаўствам меры па размяшчэнні рэдакцыі гэтага друкаванага сродку масавай інфармацыі ў нежылым памяшканні».
«У прынцыпе, мы былі маральна гатовыя да таго, што ўзнікнуць якія‑небудзь праблемы з рэгістрацыяй, і будзем зараз спрабаваць іх вырашаць. Шчыра кажучы, мы б здзівіліся, калі б газету адразу зарэгістравалі», — зазначыў у гутарцы з БАЖ дырэктар выдавецкага прадпрыемства «Прэфект‑інфо» Яраслаў Берніковіч.
З пачатку верасня гэта года Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала рэгіянальныя газеты «Солигорск плюс», «Новую газету Бобруйска», «Магілёўскі час», «Мар’інагорскую» і яшчэ некаторыя СМІ, заснавальнікі якіх не пажадалі быць згаданымі ў прэсе.