Вымушаныя канiкулы ў мiнскiх школах загадана спынiць

Источник материала:  

Насуперак меркаванню сталiчных эпiдэмiёлагаў, якiя прапаноўвалi не аднаўляць заняткi ў мiнскiх школах да будучага панядзелка, каб замацаваць дасягнуты раней эфект, Камiтэт па адукацыi Мiнгарвыканкама прыняў рашэнне распачаць заняткi ў агульнаадукацыйных установах горада з 12 лiстапада.

Па падлiках спецыялiстаў, падаўжэнне канiкулаў дазволiла папярэдзiць больш як 15 тысяч дадатковых выпадкаў захворвання на грып i ВРВІ сярод мiнскiх школьнiкаў. I калi сярод дарослага насельнiцтва ўзровень захваральнасцi за апошнiя два тыднi вырас у 2,5 раза, то сярод дзяцей ён застаўся на тым жа ўзроўнi. Цяпер у Мiнску намецiлася пэўная стабiлiзацыя эпiдсiтуацыi, ва ўсялякiм разе ярка выражанага прыросту колькасцi захварэлых не назiраецца. Аднак, як будзе развiвацца сiтуацыя далей, нiхто прагназаваць не бярэцца. Дзецi заўсёды былi "гаручым матэрыялам" падчас грыпознай эпiдэмii. I для ўсiх было б лепш, каб яны заставалiся яшчэ нейкi час раз'яднаныя...

Тым часам Мiнiстэрства аховы здароўя паведамiла пра знiжэнне па краiне колькасцi захварэлых на вострыя рэспiраторныя iнфекцыi. Як паведамляе афiцыйны сайт галоўнага медыцынскага ведамства, у панядзелак, 9 лiстапада, колькасць зваротаў хворых з прастуднымi сiмптомамi зменшылася на 40,7 працэнта ў параўнаннi з панядзелкам папярэдняга тыдня. Зменшылася таксама колькасць захварэлых на пнеўманiю i колькасць шпiталiзаваных у стацыянар. Праўда, нiякiя канкрэтныя лiчбы Мiнiстэрствам аховы здароўя па-ранейшаму не агучваюцца. Невядомая нi колькасць захварэлых за папярэднi тыдзень, нi колькасць смяротных ахвяраў вострых вiрусных iнфекцый, нi колькасць хворых на пнеўманiю. Невядома нават, у якiх кантрольных гарадах перавышаны на гэты момант эпiдпарог, i ў якiх рэгiёнах спыненыя заняткi ў школах. Трэба заўважыць, што падчас апошняй эпiдэмii грыпу такая iнфармацыя абнаўлялася практычна штодня, i нiхто не рабiў з яе тайны.

Разам з тым у Мiнiстэрстве аховы здароўя канстатуюць, што каранцiнныя мерапрыемствы (падаўжэнне школьных канiкулаў i спыненне навучальнага працэсу) дазволiлi знiзiць удзельную вагу дзяцей сярод захварэлых з 57,6 працэнта (па стане на 31 кастрычнiка) да 45,9 працэнта (па стане на 9 лiстапада).

Галоўнае медыцынскае ведамства таксама вырашыла праiнфармаваць грамадзян, што фармацэўтычнае прадпрыемства "Лекфарм" ужо выпусцiла больш як 100 тысяч упаковак "Арпетолу". У найблiжэйшыя днi, пасля праходжання кантролю якасцi, "Арпетол" паступiць у аптэчную сетку краiны.

Надзея НIКАЛАЕВА.

←Туда и обратно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика