Арпетола няма, вазьміце анальгін
Міністэрства аховы здароўя Беларусі заклікае фармацэўтычных работнікаў «прытрымлівацца прынцыпаў медыцынская этыкі».
Пра гэта гаворыцца ў лісце, які міністэрства накіравала ў арганізацыі, што гандлююць лекамі.
Як вынікае з ліста, міністэрства «ведае пра факты нездавальняючай якасці паслуг насельніцтву, звязанай з некваліфікаваным кансультаваннем грамадзян па пытаннях наяўнасці і прымянення лекавых сродкаў, якія карыстаюцца павышаным попытам у сувязі з сезонным ростам рэспіраторных захворванняў».
Міністэрства аховы здароўя падкрэслівае, што пры часовай адсутнасці ў аптэках асобных найменняў лекаў фармацэўтычны работнік абавязаны кваліфікавана пракансультаваць наведніка, прапанаваўшы іншыя найменні для лячэння і прафілактыкі вірусных інфекцый.
Асноўнай задачай фармацэўтычнага работніка ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства з’яўляецца «найбольш поўнае забеспячэнне насельніцтва лекавымі сродкамі, вырабамі медыцынскага прызначэння, таварамі аптэчнага асартыменту», гаворыцца ў лісце.
Як паведамлялася, у панядзелак раніцай у аптэках Мінска па‑ранейшаму назіраўся дэфіцыт супрацьвірусных лекаў.
Супрацоўнікі аптэк заяўляюць, што арпетол, арбідол і аксалінавая мазь паступяць, магчыма, заўтра.
У Міністэрстве аховы здароўя, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што арпетол і аксалінавая мазь беларускай вытворчасці будуць пастаўлены ў аптэчную сетку ў найбліжэйшы час.