Дзень, калі ўпала Сцяна. Успаміны беларускага дыпламата

Источник материала:  
09.11.2009 10:24 — Новости Общества
20 гадоў таму былі ліквідаваныя памежныя збудаванні паміж Заходнім і Усходнім Берлінам. Мае першыя працоўныя крокі былі зроблены ў Заходнім Берліне, куды мяне пасля МГІМО ў 1984 г. накіравалі на працу ў генконсульства СССР. Піша дыпламат Віктар Чайчыц.

Дзень, калі ўпала Сцяна. Успаміны беларускага дыпламата

9 лістапада 2009 года ва ўсёй Еўропе адзначаюць 20-годдзе ліквідацыі Берлінскай сцяны — штучнага і пачварнага збудавання часоў "халоднай вайны", якое ў 1961—1989 гг. дзяліла Берлін на дзве часткі. Пасярэдзіне горада праходзіла граніца з бетоннымі сценамі і калючым дротам.

Агульная яе даўжыня па жылых кварталах складала каля 40 км, а па ўсім перыметры Заходняга Берліна — каля 150 км, вышыня памежных збудаванняў была ад 3,40 да 4,20 м (!).

Гэта была сапраўдная граніца, дзе стралялі. Берлінская сцяна ўзнікла ў выніку ідэалагічнага, ваеннага і эканамічнага супрацьстаяння ў Еўропе і ў выніку няздольнасці тагачасных кіраўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі дамовіцца наконт аб’яднання Германіі.

Сцяна і пагранічны кантроль былі ўсталяваныя 13 жніўня 1961 г. уладамі ГДР са згоды і пры маральнай падтрымцы СССР, каб спыніць уцёкі ўсходніх немцаў на Захад. Праз адкрытыя да 1961 г. граніцы з ГДР выехала каля 3 млн чалавек з 15 мільёнаў насельніцтва!

Сцяна стала сімвалам несвабоды, расколу не толькі Берліна, Германіі, але і Еўропы ў цэлым. Яна падрывала чалавечую годнасць берлінцаў, бо прайшла па сем’ях, душах і лёсах.

Для мяне 1980-я ў Берліне спляліся ў неразрыўны клубок гісторыі, палітыкі, беларушчыны і асабістых перажыванняў. У Берліне закладваліся падмуркі як маёй прафесійнай дзейнасці, так і сямейнага жыцця: тут мы з жонкай упершыню змаглі жыць у асобнай кватэры, тут я ўпершыню ўбачыў сваіх двух сыноў.

Асабістая гісторыя за Сцяною

Так здарылася, што мае першыя працоўныя крокі былі зроблены ў Заходнім Берліне, куды я ў 1984 г. быў накіраваны на працу ў генеральнае консульства СССР пасля вучобы ў інстытуце міжнародных адносін у Маскве. Я атрымаў добрую адукацыю і спецыялізацыю па нямецкамоўных краінах. Як і ўсе, марыў паехаць туды працаваць — у ФРГ, ГДР, Аўстрыю ці Швейцарыю. Заходні Берлін у мой спіс ніяк не ўваходзіў, бо лічыўся не краінай, а "асаблівым палітычным утварэннем". Як толькі я даведаўся пра камандзіроўку, узгадаў ідэалагічны штамп — "гняздо палітычных дыверсій" супраць сацыялістычных краін, горад з акупацыйным рэжымам, дзе камандуюць амерыканцы. Але выбару не было: трэба было ехаць.

Першы дзень працы ў генконсульстве выпаў на 13 жніўня — гадавіну ўзвядзення Берлінскай сцяны — і прайшоў у атмасферы дэманстрацый супраць палітыкі ГДР у галіне свабоды перамяшчэння людзей. На кантрасце з гэтай палітыкай ГДР (за якой, канечне ж, стаяў СССР)

акупацыйныя ўлады ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі змаглі стварыць даволі прывабныя ўмовы для насельніцтва Заходняга Берліна.

Член сям’і ў закладніках

Жыццё за Берлінскаю сцяною мела свае асаблівасці. Нягледзячы на фізічна і псіхалагічна звужаную гарадскую прастору, існавала дзіўнае пачуццё свабоды. Я як дыпламат мог даволі свабодна рухацца праз граніцу, а на цэнтральным берлінскім КПП "Чэкпойнт Чарлі" службовы аўтамабіль нават не спынялі.

Кіраўніцтва генконсульства раіла супрацоўнікам выязджаць з сем’ямі ў ГДР, асабліва на савецкія святы, каб "пазбегнуць правакацыяў у варожым асяроддзі" Заходняга Берліна. А вось да сябе ў госці мы амаль нікога запрасіць не маглі.

Нам не дазвалялі запрашаць бацькоў, сяброў і нават сем’і ў поўным складзе калег з пасольства СССР у ГДР (адзін з членаў сям’і павінен быў застацца як закладнік).

У гэтай сувязі ўспамінаю берлінскія жарты аб тым, што яшчэ невядома, хто ад каго адгарадзіўся сцяною і хто каго баяўся. З боку Заходняга Берліна да сцяны можна было падысці, нават размаляваць яе, а з боку ГДР была пагранічная зона з сабакамі і патрульнымі вышкамі.

Адкрыў беларушчыну ў Берліне

Так здарылася, што Заходні Берлін дапамог мне ў паглыбленні ведаў пра беларушчыну. Цікавай і новай крыніцай інфармацыі стала бібліятэка Свабоднага ўніверсітэта. Я знайшоў там цэлы беларускі аддзел, дзе было шмат эмігранцкай літаратуры. Там упершыню прачытаў В.Ластоўскага, Л.Геніюш, Р.Астроўскага, Я.Станкевіча і іншых, а таксама Біблію на беларускай мове.

Каб не адарвацца ад жыцця ў Беларусі, я выпісваў штотыднёвік "Літаратура і мастацтва". Атрымоўваў яго, праўда, з вялікім спазненнем, бо дасылаўся ён праз палявую пошту савецкіх войскаў у Германіі, а потым трапляў да мяне ў Заходні Берлін праз пасольства СССР у ГДР. Часта яго нехта забіраў, гэта мяне спачатку вельмі злавала, але потым я нават узрадаваўся: у Германіі аказалася нямала калег-беларусаў, якія з задавальненнем чыталі па-беларуску.

Сустрэча з Быкавым

Летам 1988 года ў Заходнім Берліне я пазнаёміўся з Васілём Быкавым, які прыехаў у камандзіроўку. Памятаю, павітаўся з ім па-беларуску, сказаў хто я і адкуль, а ён на хвілінку задумаўся і перш-наперш сказаў: "У Вас, пэўна, вельмі старажытнае беларускае прозвішча…". Потым я суправаджаў пісьменніка на сустрэчах з немцамі, дыскутаваў з ім наконт падзей на Беларусі, лёсу беларускай мовы.

У канцы 1980-х сітуацыя ў Берліне была напружаная. Палітычны рэжым у ГДР і Берлінская сцяна пачыналі хістацца. Моладзь у сталіцы ГДР адкрыта вітала нават аўтамабілі з Заходняга Берліна. Бывала і мне ля граніцы, не разабраўшы нумарныя знакі, махалі і крычалі: "Сцяну — далоў!"

Адным з яркіх уражанняў таго часу стаў канцэрт вядомага гурту "Пінк Флойд" перад будынкам Рэйхстага, непасрэдна каля сцяны ў 1988 годзе.

Гукаўзмацняльная апаратура была пастаўлена так, каб было чуваць і ў Берліне ГДР. І там тысячы людзей, якіх ледзьве стрымлівалі пагранічнікі, таксама слухалі канцэрт пад сімвалічнаю назваю "Сцяна" (меламаны ведаюць, што так называўся легендарны альбом гурту), які быў разлічаны і на іх. Cпевы разліваліся ў паветры, і іх нельга было спыніць бетоннымі пагранічнымі плітамі. Пасля канцэрта я зразумеў, што сцяна доўга не пражыве… Бо так захацелі людзі з абодвух яе бакоў, і ў іх вачах не было страху!

Сёння сцяна знікла як фізічны бар’ер, але немцам нават да гэтага часу не ўдалося цалкам забыцца пра яе, хаця ўжо вырасла новае пакаленне берлінцаў. Тым не менш, ніхто з немцаў не хацеў бы вяртання старых часоў, бо ўсе глынулі свабоды.

Жыццё пакарае таго, хто спазняецца

Жыццё пакарае таго, хто спазняецца, як некалі сказаў М.Гарбачоў, звяртаючыся да кіраўніцтва ГДР. Рэжым ГДР спазніўся (а можа не захацеў) зразумець новыя тэндэнцыі ў Еўропе, настрой і інтарэсы свайго народа, таму знік літаральна за дзень, хаця здаваўся такім непахісным за бетонным берлінскім мурам.

У той дзень 9 лістапада 1989 г., калі пад націскам людзей упала сцяна ў Берліне, мы з жонкай купілі шампанскае і выпілі за разбурэнне муроў і граніц, якія раздзяляюць людзей. Вельмі спадзяюся, што некалі вып’ем за гэта, едучы ў Варшаву або Вільню, і на рэштках заходніх граніц Беларусі, якія мне нагадваюць былую берлінскую сцяну. У гэтым рэгіёне стагоддзямі не было граніцаў, тут людзі, ідэі, культура і эканоміка свабодна перамяшчаліся.

А сёння, у XXI стагоддзі, насуперак логіцы еўрапейскага цывілізацыйнага развіцця, тут раптам набудавалі глухія межы.

Прапускны рэжым на заходніх граніцах Беларусі — недарэчны рэлікт і вынік няздольнасці ЕС і афіцыйнага Мінска дамовіцца ў інтарэсах свабоды людзей. Еўрапейскаму Саюзу павінна быць сорамна за шэнгенскі мур, які аддзяляе Беларусь, і за тое, што з беларусаў бяруць грошы за візы па падвышаным тарыфе! Ну, а што датычыцца нас, то юбілей ліквідацыі берлінскай сцяны павінен паслужыць нам прыкладам грамадзянскай актыўнасці і памагчы ўсвядоміць, што і мы еўрапейцы, што наша месца ў вольнай Еўропе. І што граніцы будуць існаваць, пакуль мы будзем іх цярпець.


Віктар Чайчыц - дыпламат, дарадца пасольства Беларусі ў Германіі (1992-1995). Цяпер жыве і працуе ў Маскве.

←Беларусь предложила Казахстану для реализации 37 совместных проектов - Сидорский

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика