Грыпам зоймецца Генпракуратура
Генеральная пракуратура Беларусі гатовая прааналізаваць сітуацыю ў краіне ў сувязі з ростам захворванняў на ВРВІ і грып.
Такую магчымасць не выключыў генпракурор Рыгор Васілевіч, адказваючы 6 лістапада на пытанні журналістаў, ці мае намер пракуратура даць прававую ацэнку дзеянням Міністэрства аховы здароўя, фармацэўтычных кампаній і СМІ ў сітуацыі, якая склалася.
Паводле слоў Васілевіча, пакуль у Генпракуратуру на гэты конт ніякіх скаргаў не паступала. «Тут павінны працаваць найперш органы аховы здароўя і Камітэта дзяржкантролю», — сказаў ён.
Рыгор Васілевіч таксама заявіў, што калі ў Генпракуратуры з"явіцца інфармацыя пра карупцыю ў фармацэўтычных кампаніях, то будуць прынятыя адпаведныя захады.
5 лістапада падчас візіту ў Кіеў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што немалую ролю ў раздуванні ажыятажу вакол медыкаментаў стварылі фармацэўтычныя кампаніі. «Няўжо вы не разумееце, што адбываецца? Гэта небяспечная і карумпаваная сфера. Я ведаю, што адбываецца ў гэтым суперкарумпаваным асяроддзі», — сказаў ён.