Гомельскія аптэкі за тры дні рэалізавалі чатырохмесячны запас лекаў
Гомельскія аптэкі за тры дні рэалізавалі чатырохмесячны запас лекаў, паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Мікалай Васількоў.
Невялікія аптэкі горада, паводле яго слоў, маюць штодзённую выручку ў памеры 12 млн. рублёў.
Паводле інфармацыі Васількова, аптэкі забяспечаны вітамінамі, гарачкапаніжальнымі сродкамі, антыбіётыкамі, супрацьвіруснымі прэпаратамі, за выключэннем «Арпетола» і «Рэмантадына». «Але заўтра ў сетку аптэк паступяць яшчэ супрацьвірусныя прэпараты, той жа «Арпетол» і «Рэмантадын», — запэўніў начальнік упраўлення. 6 лістапада ў аптэкі паступіць таксама 35 тыс. аднаразовых павязак. Васількоў адзначыў, што дзяржаўныя аптэкі лепш забяспечаны лекамі. «У адной з прыватных аптэк, якую я наведаў, не было нават аспірыну і парацэтамолу. Даў даручэнне ім — і праз гадзіну разгружалі машыну з лекамі», — сказаў начальнік упраўлення.
Паводле слоў Васількова, у Гомельскай вобласці тры гады таму эпідэмічны парог па грыпе і ВРВІ быў перавышаны ў 11 раз, а ў некаторых гарадах у 19 раз, але і тады не было такога ажыятажнага попыту на таблеткі і павязкі.
Начальнік упраўлення параіў грамадзянам у перыяд росту захворвання павялічваць супраціўляльнасць арганізму інфекцыям і вірусным захворванням пры дапамозе экстрактаў элеўтэракоку, эхінацыі, жэньшэню, а таксама не скупляць масава лекі без прызначэння лекара.