У кастрычніку ў Беларусі зарэгістраваныя 322 тыс. выпадкаў захворвання на ВРВІ
За мінулы тыдзень, з 26 кастрычніка па 1 лістапада, у краіне зарэгістраваны 69 тыс. 736 выпадкаў захворванняў ВРВІ і грыпам,
паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Усяго за ўвесь перыяд назіранняў з 5 кастрычніка гэтага года ў краіне зарэгістраваны 322 тыс. 494 выпадкі вострых рэспіраторных інфекцыяў. Гэта на 41% болей, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
У агульнай структуры хворых 55% складаюць дзеці ўзростам да 18 гадоў.
Паводле лабараторных аналізаў, на тэрыторыі краіны цыркулююць адэнавірусы ‑‑ 13,4%, РС‑вірусы ‑‑ 20,7%, змяшаныя інфекцыі ‑‑ 21,9%, парагрып 8,5%. На вірус грыпу А прыпадае 24%, грыпу В ‑‑ 2,4%.
У сувязі з ростам захворваемасці і дзеля папярэджання далейшага распаўсюджання ВРВІ рашэннямі мясцовых органаў выканаўчай улады прынятае рашэнне аб працягненні школьных вакацый з 2 лістапада ў школах Мінска, Брэста і Брэсцкай вобласці, Маладзечна, Магілёва, Дзяржынска, гарадскога пасёлка Фаніпаль, Барысава, Бабруйску.