Музею патрабуюцца... мядзведзі. Плюшавыя цацкі, якія пазычаць мінчане, упрыгожаць рэтра-экспазіцыю
З арыгінальнай просьбай звярнуліся да мінчан супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З 27 кастрычніка па 7 снежня ўсе жадаючыя могуць перадаць у экспазіцыю мяккіх, фарфоравых і іншых цацачных мядзведзяў. Пажадана, каб у іх была цікавая гісторыя.— На навагоднія святы мы плануем зрабіць рэтра-ёлку і стварыць для дзяцей выставу плюшавых мішак, — тлумачыць загадчыца аддзела эканомікі і развіцця музея Тамара Курганава. — Гэта ідэя з’явілася дзякуючы Міжнароднаму дню плюшавых мішак, які святкаваўся не так даўно. Акрамя таго, мы спрабуем такім чынам выклікаць цікавасць да нашага музея ў дзяцей, бо вайна — вельмі сур’ёзная тэма для маленькіх наведвальнікаў. Цацачныя мішкі — гэта яшчэ і сімвал таго, наколькі бесклапотнае жыццё без вайны.Сама Тамара Курганава збіраецца папоўніць экспазіцыю цацак мядзведзем, якога яна набыла ў Патсдаме, дзе служыла з мужам. Ёсць у яе і іншы арыгінальны варыянт — вышыты мядзведзь на нараджэнне ўнука.— Мы чакаем, што да нашай акцыі далучацца і знакамітасці — акцёры, музыкі, мастакі, цацачныя майстры, — выказалі спадзяванне ў музеі.Дарэчы, усе мішкі вернуцца да сваіх гаспадароў пасля закрыцця выставы. Уладальнікаў самых незвычайных цацак з цікавымі гісторыямі музей плануе ўзнагародзіць. Чакаюць тут, прынамсі, і навагоднія цацкі, якія ўпрыгожаць рэтра-ёлку.