Намесніку Гайдукевіча далі пяць гадоў пазбаўлення волі
![]() |
Суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў дэпутата Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, намесніка старшыні Ліберальна‑дэмакратычнай партыі Беларусі Уладзіміра Карунаса да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Уладзімір Карунас прызнаны вінаватым па ч. 5 арт 16, ч.2 ст. 431 (падбухторванне да давання хабару), ч.3 арт. 209 (махлярства), ч.2 арт. 430 (атрыманне хабару) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Карунасу ставілася ў віну два эпізоды злачыннай дзейнасці: тое, што, будучы дэпутатам Мінгарсавета 25‑га склікання, ён атрымаў хабар ад трох грамадзян Беларусі (14 млн 640 тыс рублёў) за іх прызначэнне памочнікамі дэпутата і выдачу адпаведных пасведчанняў.
Падзеі паводле другога эпізоду праходзілі ў красавіку — траўні 2006 года, калі асуджаны сумесна з жыхаром Мінска падбухторваў грамадзян Беларусі да давання хабару супрацоўнікам праваахоўчых органаў і суда за спыненне крымінальнай справы ў дачыненні да сваякоў. Сума хабару склала 6 тыс. даляраў.
Прысуд суда пакуль не ўступіў у сілу ў сувязі з правам бакоў на яго абскарджанне.