Паэт у краiне — больш чым паэт

Источник материала:  

Юбiлей Анатоля Сыса — нагода падумаць пра тое, якую ролю адыгрывае паэзiзiя ў грамадстве. Тлумачыць лiтаратуразнаўца Мiхась Тычына.

— Чаму пасля смерцi Анатоля Сыса ўтварыўся ўздым цiкавасцi да яго вершаў?

— У паэзii нацыянальнай i сусветнай — гэта вядомая рэч — смерць мяняе стаўленне нават да звычайнага чалавека, а да паэта тым больш. Гэта першае. Па-другое, яшчэ важны сам час. — наш цiкавы, на маю думку, тым, што людзi шукаюць адхлання не ў грамадскай дзейнасцi, не ў публiчным жыццi. А шукаюць сябе ў нейкiх глыбiнных структурах, у тым, што адвечна iснавала, што па сутнасцi вырашае ўсе нашы рухi, учынкi, магчыма, думкi, пачуццi. А гэта i ёсць тое, што называюць ментальнасцю. Гэта глыбiннае сёння вельмi выразна, наглядна i вельмi моцна выяўляецца ў паэзii Анатоля Сыса. Але i пры жыццi адчувалася яго асаблiвасць. Цяпер вельмi адчувальная рэч — яго менавiта зварот да чагосьцi глыбiннага ў чалавеку, у нацыi, у свеце.

— Аднак у некаторых узнiкае пытанне: навошта краiне паэты?

— Паэты патрэбныя не толькi краiне. Яны патрэбныя краiнам i ўсяму свету. Таму што паратунак свету — гэта не толькi мая думка — у людзях, якiя жывуць чымсьцi iншым. Банальна кажучы — духоўным жыццём, iнтарэсамi, якiя закранаюць абсалютную большасць людзей. Так цi iнакш. Як бы яны нi былi захоплены матэрыяльна-побытавымi праблемамi, усё адно прыходзiць момант у жыццi кожнага — i малога, i старога, бывалага i малавопытнага — калi чалавек думае пра нешта большае. Пра тое, што ён найперш чалавек, духоўная асоба i гэтым адрознiваецца ад iншых жывых iстотаў. А паэты гэтым i займаюцца. Гэта iх прафесiя — жыць тым, у чым жыве чалавек i без чаго ён не цiкавы i не патрэбны.

— У нас паэтычная краiна, калi меркаваць па асобах, якiя раней былi i цяпер ствараюць?

— Мне падабаецца, мусiць, як i вам, выраз "краiна паэтаў". Гучыць прыгожа. У любой вёсцы знойдзецца чалавек, у якога нават мянушка "паэт", якi быццам не ад гэтага свету. Я ў свой час працаваў на Палессi настаўнiкам, ведаў некалькi асобаў, пра якiх легенды складвалiся. Як яны жылi? Садзiлiся ў нейкi аўтобус, цягнiк, iх ведалi праваднiкi, кiроўцы, не бралi з iх грошай, а патрабавалi толькi аднаго — каб яны чыталi вершы. Яны чыталi свае вершы, чужыя. I так жылi. Значыць, ёсць патрэба ў народа магутная ў гэтым. Абавязкова трэба, каб быў чалавек, якi скажа нешта такое, чаго людзi ў звычайным жыццi i ў побыце не гавораць. Таму як раней iмператары запрашалi да свайго двара блазнаў (у добрым сэнсе слова — людзей, якiя свабодна могуць сказаць пра сябе), так i паэтаў варта паслухаць. Добра, каб у нас зразумелi, для чаго паэты патрэбныя.

Ларыса ЦIМОШЫК.

Уладзiмiр Някляеў

Пакацiгарошак

"З Гарошкава я

i Пакацiгарошак".

З паштоўкi А. Сыса

з Гарошкава.

"Як ты там, мой найгаротны,

Найхарошы мой,

На баку на адваротным

Ад Гарошкава?

Дзе ты там?..

I робiш што там?..

Да каго запрошаны?.."

"Мы з басотай тут

пад плотам

З Пакацiгарошакам.

У мяне малiны кош,

Я малiнай сьнедаю.

Ты мне даў быў

медны грош —

Як аддаць, ня ведаю".

"Так i ходзiш голы, босы,

З медным грошыкам?.."

"Што ж рабiць

яшчэ ў нябёсах

Над Гарошкавам?"

"Дык цi ў небе,

цi пад плотам

Ты туляешся?"

"Даў мядзяк мне,

а ня злоты,

Шчэ й пытаешся?"

"Ты гiбееш у галечы?

Пуста ў кошыку?.."

"Я ў галечы быў на печы

У Гарошкаве.

А сярод басотных душ

У раскошы я.

Нават маю капялюш,

Ветрам ношаны".

"Ты лятаеш там, як дух?

Цi ляжыш, як скошаны?.."

"Капялюш у нас на двух

З Пакацiгарошакам".

26. 10. 2007

←Какая еще Манюшка?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика