З Ружачкi ў Бяляначку

Источник материала:  

Ветранае восеньскае надвор'е — рэч непрыемная. А самае прыкрае, што ў гэты час на шчоках i насах многiх жанчын з'яўляецца нездаровае пачырваненне i сасудзiстыя "зорачкi"...

Куперозу асаблiва "падабаюцца" людзi з тонкай адчувальнай скурай. Ужо ў юнацтве ў iх на шчоках, носе i лбе (а часам нават у зоне дэкальтэ) з'яўляецца характэрная чырвань, якая з часам ператвараецца ў злашчасныя "зорачкi". Прычына — у парушэннi скурнага кровазвароту. Сёння выяўлена сувязь куперозу з эндакрыннымi захворваннямi, праблемамi са страўнiкава-кiшачным трактам (часцей за ўсё — гастрытам) i печанню. А правакуюць абвастрэнне вецер, холад, эмацыйныя ўсплёскi. У моманты хвалявання сасуды звужаюцца, крывяны цiск павышаецца — i на твары з'яўляецца "баявая афарбоўка".

У вас купероз? Тады пад забаронай: цыгарэты; шакалад i какава; кава i моцны чай; саленнi i вяндлiна; алкаголь; спецыi;   вострая гарачая ежа; прэпараты, якiя ўтрымлiваюць экстракты марскiх водарасцяў; наведванне саўны, лазнi, салярыя; цяжкiя фiзiчныя нагрузкi.

На шчасце, да куперозу можна падлашчыцца — паспрабуйце звесцi догляд скуры да "ўлагоджвання" яе алеем. Супрацькуперозным уздзеяннем (а менавiта: папярэджаннем з'яўлення пачырванення, зняццем раздражнення, умацаваннем сценак крывяносных сасудаў i знiжэннем iх рэактыўнасцi) валодаюць эфiрныя алеi размарыну, чабору, маярану, шалфею, мелiсы. Iх дадаюць у алiўкавы алей i наносяць на твар. Увага! Гэты спосаб прыдатны толькi для людзей, не схiльных да алергiчных рэакцый. Перад выкарыстаннем пракансультуйцеся са спецыялiстам.

Умывацца лепш цёплай вадой; потым можна працерцi твар кубiкамi лёду з шалфеем i рамонкам. Ваша касметыка не павiнна ўтрымлiваць спiрт, а таксама мёд, алоэ, ментол, мяту, эфiрныя алеi мяты, гваздзiку, эўкалiпту, фруктовыя кiслоты. Не захапляйцеся пенкамi — яны сушаць i раздражняюць скуру. Грубыя ручнiкi, ватныя дыскi i спонжыкi пакiньце да лепшых часоў.

Касметолагi раяць пачынаць працэдуру догляду твару пры куперозе з ачышчэння скуры малачком, затым гамажам выдаляюць адмерлыя клеткi i наносяць лекавую сываратку, у склад якой уваходзяць раслiнныя кампаненты. Выкарыстоўваць пажадана прафесiйныя антыкуперозныя лiнii вядомых касметычных фiрмаў. Гэтыя сродкi не могуць цалкам зняць праявы куперозу, але прыкметна iх зменшаць.

Ёсць i iншыя рэцэпты, якiя аблегчаць вам жыццё.

   Для ачышчэння скуры раз на тыдзень выкарыстоўвайце белую глiну — каалiн.

   Прыгатуйце антыкуперозны тонiк: заварыце рамонак (1—2 ст. лыжкi на 0,5 л вады), астудзiце, працадзiце, дадайце 2 таблеткi здробненага аскаруцiну i працiрайце iм твар некалькi разоў на дзень.

   Перад выхадам на вулiцу, асаблiва ў ветранае надвор'е, рабiце 10-хвiлiнную маску для твару з сумесi ланалiну, алею i крухмалу з талькам (2:1:0,5:0,5).

   Каб зняць раздражненне, змяшайце роўнымi часткамi алей вiнаградных костачак, алейныя экстракты сафоры японскай (або прэпарат руцiн), календулы i дзьмухаўцу. Дадайце 100 мл кiпеню. Сумесь нанясiце перад сном на праблемныя ўчасткi, дайце ўсмактацца, рэшткi знiмiце сурвэткай.

←Какая еще Манюшка?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика