Чатырохногiя дактары

Источник материала:  

Лечымся без лекаў

Анiмалатэрапiя — метад лячэння, у якiм дактарамi з'яўляюцца не людзi ў белых халатах, а жывёлы. Стасункi з iмi лечаць i душу, i цела. Праўда, вылячэнне адбудзецца толькi пры ўмове, калi чалавек i яго гадаванец не проста знаёмыя, а сапраўдныя сябры. I падыходы да лячэння ў кожнага з хвастатых i чатырохногiх "дактароў" розныя.

 

Каты нармалiзуюць цiск

Фелiнатэрапiя — лячэнне з дапамогай катоў.

Каты маюць рэпутацыю незалежных i наравiстых жывёлiн. Аднак iх абыякавасць прытворная. Варта гаспадынi прыхварэць, як котка адразу ж прыладжваецца на хворае месца. Калi балiць горла, яна ляжа на грудзi, калi прыхапiла спiну, расцягнецца на паяснiцы, а пры спазмах падчас "крытычных дзён" прыладкуецца на жываце. Яе не трэба насiльна саджаць побач: вусаты паласаты "доктар" прыходзiць без выклiку i сыходзiць тады, калi палiчыць патрэбным.

Каты супакойваюць нервы, нармалiзуюць цiск i сон, здымаюць галаўныя i сустаўныя болi, паляпшаюць кровазварот, дапамагаюць пры ўдарах, запаленнi, болях у печанi i страўнiку. Лiчыцца, што медыцынскiя здольнасцi залежаць як ад характару жывёлiны (як вядома, каты бываюць ад прыроды ласкавыя i, наадварот, агрэсiўныя), так i ад пароды.

Мурканне коткi — гэта пэўныя гукавыя ваганнi (частата ад 20 да 50 Герц), якiя стымулююць працэс вылячэння. У вынiку ўздзеяння гукавых ваганняў такой частаты павышаецца шчыльнасць касцей, што садзейнiчае зрошчванню пераломаў.

Сабакi — за актыўны лад жыцця

Вiд анiмалатэрапii з удзелам сабак называюць канiстэрапiяй. Сабака чалавеку не толькi сябар, але i самы адданы ўрач, а таксама медсястра i сядзелка. Гэтыя жывёлiны круглыя суткi фантануюць энергiяй. Прычым амаль заўсёды станоўчай. Падзялiцца лiшкам гэтай энергii з гаспадаром адданы сабака лiчыць не проста сваiм абавязкам, а шчасцем i радасцю.

Сабакi цудоўна здымаюць стомленасць, пазбаўляюць ад санлiвасцi, панiжанага цiску, галавакружэння, павышаюць тонус. Iх падтрымка незаменная ў рэабiлiтацыйны перыяд пасля цяжкiх хваробаў або траўмаў. Каб хутчэй i лягчэй аднавiцца, трэба толькi абняць свайго Дружка або Рэкса i некалькi хвiлiн паляжаць з iм побач. Вядома, што слiна гэтых жывёл валодае бактэрыцыднымi ўласцiвасцямi. Палiзаўшы рану, сабакi дапамогуць ёй хутчэй загаiцца. Ну i, вядома ж, цяжка спрачацца з тым, што сабака — iдэальны лекар ад гiпадынамii. Хочаш не хочаш, а два разы на дзень з iм трэба гуляць на свежым паветры.

Вярхом — па душэўную раўнавагу!

Iпатэрапiя (лекавая верхавая язда) — яшчэ адзiн цудоўны сродак барацьбы з многiмi хваробамi. Конную язду рэкамендуюць пры парушэннях апорна-рухальнага апарату, атэрасклерозе, полiямiэлiце, страўнiкава-кiшачных захворваннях, прастатыце, скалiёзе, разумовай адсталасцi.

Асаблiва карысная iпатэрапiя для жаночага здароўя. У працэсе верхавой язды ў работу ўключаюцца ўсе асноўныя групы мышцаў. Гэта адбываецца на рэфлекторным узроўнi, паколькi седзячы на канi, рухаючыся разам з iм, верхавы iнстынктыўна стараецца захаваць раўнавагу, каб не звалiцца, i тым самым пабуджае да актыўнай работы ўсе неабходныя мышцы, трэнiруючы слабыя i расслабляючы спастычныя. Трэнiруюцца мышцы ног i тазавага дна — а кожная жанчына ведае, наколькi для яе гэта важна.

Сам працэс язды надае ўпэўненасцi ў сабе i даверу да свету. Вярхом на вялiкай i моцнай жывёлiне, з якой трэба адчуць сувязь, каб рухацца ў патрэбным кiрунку, — гэта яшчэ i спосаб аднавiць унутраную раўнавагу i наладзiць адносiны з навакольнымi. Павышаецца i ўзровень самаацэнкi. Таму, калi вы ў прыгнечаным настроi i не хапае сiлаў вырашыць праблемы, накiроўвайцеся ў найблiжэйшыя выхадныя на базу коннага спорту. Аднак улiчыце, што тут iснуюць некаторыя медыцынскiя супрацьпаказаннi: сардэчна-сасудзiстыя захворваннi (арытмiя, гiпертанiя), скалiёз, нестабiльнасць тазасцегнавых суставаў i iнш. А галоўнае супрацьпаказанне для верхавой язды — нелюбоў да гэтых жывёлiн.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

←Какая еще Манюшка?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика