Хто пакрыўдзiў палешукоў?

Источник материала:  

Што сёлета людзi не атрымалi ад журавiн таго прыбытку, на якi спадзявалiся, добра вядома, але ж у "пралёце" апынулiся i тыя, хто ў папярэднiя гады ягаду закупляў па высокай цане цi вырошчваў яе сам.

Хто пакрыўдзiў палешукоў?У Ганцавiцкiм раёне дзве арганiзацыi звязаныя з дзiкарослымi ягадамi — гэта спажыўтаварыства i "Журавiнка" — навукова-даследчая лабараторыя Акадэмii навук Беларусi. Калi райпа займаецца толькi закупкай ягад ад насельнiцтва, то "Журавiнка" вырошчвае iх.

Падчас майго прыезду Ганцавiцкае райпа адзначала сваё 70-годдзе, а гэта прымусiла зрабiць акцэнты на некаторыя моманты з жыцця гэтай структуры ў апошнiя гады.

Сёння Ганцавiцкае спажыўтаварыства знаходзiцца на 13-м месцы са 118 райпа краiны, а тры гады таму было на перадапошнiм.

Арганiзацыя не магла звесцi канцы з канцамi. Усё было пушчана на самацёк. Такая бескантрольнасць прывяла да таго, што цэлая група бухгалтараў i работнiкаў крамаў апынулася на лаве падсудных.

А калi райпа ўзначалiў новы старшыня Аляксандр Селюжыцкi, то пачаўся пад'ём. У 2006 годзе райпа атрымала першы прыбытак, а ўжо на наступны год у раёне адчынiлi 7 новых мiнi-крамаў, дзве кавярнi ў аграгарадках, увялi самаабслугоўванне. У арганiзацыi павысiлася дысцыплiна, хоць Аляксандр Уладзiмiравiч хацеў бы яшчэ многiх работнiкаў замянiць, але кадравы голад не дае магчымасцi гэта зрабiць.

А зараз вернемся да дзiкарослых ягад, якiх было закуплена летась 47 % ад агульнага аб'ёму нарыхтовак, а сёлета — толькi 33 працэнты, хоць сезон яшчэ i не закончыўся.

Апошнiя гады закупачная цана на журавiны пастаянна расла, i насельнiцтва да гэтага так прывыкла, што, калi сёлета цана рэзка ўпала, людзi пачалi абурацца i бачыць нейкую змову. Маўляў, нарыхтоўшчыкi згаварылiся i вызначылi такую нiзкую цану на журавiны. Але ж яшчэ ў 2006 годзе журавiны закуплялiся па 1700—2200 руб./кг, у 2007-м — па 3000—6500 руб./кг, у 2008-м — па 3000—5500 руб./кг, а сёлета — па 1800—2200 руб./кг. Як бачым, цана вярнулася на кругi свае — у 2006 год, калi насельнiцтва iншага кошту ягады не ведала i здавала журавiны актыўна.

Ганцавiцкае райпа сёлета набыло 48 тон журавiн i цяпер прадае iх на рынках краiны, бо прадпрыемствам журавiны не патрэбныя, як нiхто не цiкавiцца iмi i за мяжой. Расiя адмовiлася, абыякавыя да журавiн у Польшчы i Лiтве. Раней палякi i лiтоўцы самi прыязджалi, а сёлета — нiхто. На рынках райпа прадае журавiны па цане 3160—3600 руб./кг, а калi паднялi кошт ягады да 3900 руб./кг, то гандаль не пайшоў. У такой сiтуацыi людзi вырашылi самi прадаваць балотныя ягады, i на рынках у Баранавiчах журавiн хапае. За 10-лiтровае вядро просяць 35 тысяч, а гэта прыкладна 3500 руб./кг — больш, чым прапаноўваюць нарыхтоўшчыкi, але i збыць тыя журавiны на рынку не проста. Праблему можа вырашыць толькi аптовы пакупнiк.

Больш сур'ёзная сiтуацыя склалася ў "Журавiнцы". Калi спажыўтаварыства можа ягады i не закупляць, то на "Журавiнцы" яе вырошчваюць i некуды павiнны збыць.

Тут, каб журавiны не былi стратнымi, неабходна прадаваць iх па 4 тысячы за кiлаграм, але ж па такой цане iх нiхто не купiць.

— Знiзiм кошт i прададзiм iх са стратамi, але гэта будзе найлепшае выйсце. Не прападаць жа журавiнам, — адзначыў загадчык лабараторыi Мiкалай Паўлоўскi. — Мы не можам канкурыраваць з тымi, хто збiрае ягады на балоце. Цяжка, але ж i бясплатна. А ў нас вялiкiя затраты на плантацыях.

У Латвii праходзiла Мiжнародная навуковая канферэнцыя па бруснiчных культурах, удзельнiкам якой быў М. Паўлоўскi. І вось што ён сказаў: "Там iншыя тэхналогii. Калi чалавек выпрацаваў тарфянiкi, то там i пасадзiў журавiны, а калi сабраў ураджай, то не прадае ягады, а сам перапрацоўвае iх. У нас такое не практыкуецца, хоць прыбытак ад латвiйскiх напрацовак значна большы".

Са збытам журавiн сёлета ўзнiкла праблема, а вось чарнiцы, як i летась, карысталiся попытам. Сёлета Ганцавiцкае спажыўтаварыства закупiла ў насельнiцтва 180 тон гэтай ягады, якая пайшла на экспарт. На 100 тонах рэалiзаваных чарнiц зарабiлi 120 млн прыбытку. Гэтую ягаду з задавальненнем закуплялi фiрмы Польшчы i Лiтвы.

Цэны на журавiны ў мiнулыя два гады выраслi дзякуючы попыту на iх за мяжой. А калi не адпраўляць ягады на экспарт, то цана будзе значна нiжэйшай. На складзе райпа заставалася каля 40 тон журавiн з мiнулага года, якiя з цяжкасцю ўдалася збыць харчоваму камбiнату на перапрацоўку.

У 2008 годзе з 200 тон набытых у насельнiцтва журавiн 60 тон пайшлi на экспарт, а сёлета за мяжу не адправiлi нi адной тоны. Зразумела, што нiхто такую колькасць журавiн закупляць сёлета не будзе, нават па самай нiзкай цане. Людзi ўсё ж ягады збiраюць, але збываць iх не спяшаюцца. А раптам цана на журавiны падымецца!

Трэба зразумець, што мы ўжо даўно знаходзiмся ў рынку i можна наракаць толькi на яго. Вось на бульбу цана сёлета рэзка падскочыла, бо ў многiх месцах "другi хлеб" не ўрадзiў i нехта апынуўся ў выйгрышы. Каб жа ўсё ўдавалася прадбачыць...

Сымон СВIСТУНОВIЧ.

Фота аўтара.

Ганцавiцкi раён.

←Семь семерок продали за Br23 миллиона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика