Вясковец Генрых зняволiў сябе ў роднай хаце на 15 гадоў

Источник материала:  

Жыхар вёскi Вострава Шчучынскага раёна Генрых Рамейка знiк з людскiх вачэй на паўтара дзясятка гадоў. А свой першы беларускi пашпарт мужчына атрымаў у 44-гадовым узросце, калi выйшаў на волю i ўладкаваўся на працу.

Падобная гiсторыя здарылася з украiнцам Сцяпанам Кавальчуком, былым суседам мiнчанiна Анатоля Мiхайлюка. Тут мужчына зняволiў сябе аж на... 56 гадоў.

Карэспандэнт "Звязды" разбiраўся, за што людзi самi адбiралi ў сябе свабоду i як iм жылося ў зняволеннi.

  "Скончыў iнстытут з чырвоным дыпломам"

Беларус Генрых Рамейка з вёскi Вострава Шчучынскага раёна выглядае абсалютна нармальным чалавекам. Адзiнае, што празмерна ветлiвы i сарамлiвы.

— Ты глядзi, нашага Генку не ўкрыўдуй, ён пакутны, няшчасны хлопец, адзiн застаўся, — папярэдзiлi мяне суседзi "вязня", калi я прыехаў у вёску Вострава.

Герой матэрыялу якраз гадаваў у хляве свайго дзiўнага чорна-карычневага парсюка заморскай пароды.

Аказваецца, Генрых Генрыхавiч незвычайны селянiн. У 1981 годзе ён з чырвоным (!) дыпломам скончыў Гродзенскi сельскагаспадарчы iнстытут па спецыяльнасцi "заатэхнiк".

— Калi не верыце, то вось доказы, — палез мужчына пад абрус за кiпай дакументаў — дыпломам, вайсковым бiлетам, пашпартам.

Адслужыў Генрых Генрыхавiч у чыгуначных войсках Сiбiрскай вайсковай акругi. Здавалася, вярнуўшыся ў родную вёску, Генрых мог зрабiць ашаламляльную па тутэйшых мерках кар'еру заатэхнiка. Бiяграфiя ў яго была лепш не прыдумаеш — салдат, камсамолец, iнтэлiгент. Але замест гэтага малады чалавек зняволiў сябе ў роднай хаце i па вяртаннi з войска перастаў паказвацца на вочы не тое што жыхарам вёскi, але i найблiжэйшым суседзям. Па словах тутэйшых людзей, прыкладна з 1985 года Генрых увогуле не паказваўся з хаты.

Вясковец Генрых зняволiў сябе ў роднай хаце на 15 гадоў— Толькi па начах ён выходзiў з дому i займаўся гаспадаркай, — расказвае сакратарка Дэмбраўскага сельвыканкама Галiна Бiндзей. — Калi праходзiлi ранiцай каля хаты Рамейкаў i бачылi паколатыя дровы, значыцца Генрых незаўважна папрацаваў. А так чалавек жыў нiбы ў зняволеннi.

Што тут казаць, нават зэкi маюць больш свабоды ў калонiях, чым Генрых Рамейка меў у сваiх чатырох сценах. Пытаюся ў мужчыны, за што ён сябе зняволiў на 15 гадоў?

— З'явiлася дэпрэсiя, — з маркотай у голасе адказвае Генрых Генрыхавiч. — Ну неяк так атрымалася. Вядома ж, дарэмна...

"Напiшы, што бабу шукаем нашаму Генку"

У старэнькую мураваную хату Генрыха Рамейкi смела i без стуку заходзiць суседка, 70-гадовая бабуля, i напорыста ўмешваецца ў размову:

— Хай ужо Бог мне даруе, я на бацькоў яго наракаю. Мацi захварэла, не магла рухацца. Ён i даглядаў яе днямi. А так бы ажанiўся, была б сям'я. Адзiн застаўся. Ён добры, сусед добры. Мы яго i паважаем, i шкадуем...

Генрых Генрыхавiч пагаджаецца i кiвае галавой. Калi пытаюся, цi засталiся ў яго блiзкiя людзi, то паказвае на суседзяў.

З няволi Генрых Генрыхавiч выйшаў у 2000 годзе. І пайшоў працаваць у мясцовы калгас звычайным працаўнiком на зернеачышчальным складзе. Хоць са сваiм "выдатным" дыпломам мог бы працаваць i заатэхнiкам, i старшынёй калгаса.

У калгасе новаму папаўненню здзiвiлiся — не п'е, не курыць i пашпарта беларускага не мае. Толькi ў 2005 годзе ва ўзросце 44 гадоў Генрых Рамейка атрымаў свой першы беларускi пашпарт.

Пытаюся ў земляроба, цi ёсць у яго якая-небудзь мара?

— Каб нармальна жыць i было здароўе, — лаканiчна адказвае Генрых Генрыхавiч.

Суседзi, параiўшыся, на развiтанне ўставiлi i свае пяць капеек:

— I баба нашаму Генку патрэбна, так i напiшыце, а то ў Востраве толькi старыя засталiся. Мужык ён, даём гарантыю, вельмi добры i працавiты.

..."А Мой сусед прасядзеў ў зняволеннi паўстагоддзя" Карэспандэнту "Звязды" стала вядомая яшчэ адна сенсацыйная гiсторыя, калi чалавек зняволiў сябе ў роднай хаце. Здарылася яна  ў вёсцы Мончынцы Хмяльнiцкай вобласцi ва Украiне. Тамтэйшы жыхар Сцяпан Кавальчук праседзеў у чатырох сценах аж... 56 гадоў. Па iронii лёсу сусед "вязня" Анатоль Мiхайлюк ажанiўся з беларускай i сёння жыве ў Мiнску, працуе ахоўнiкам гаражнага кааператыва "Ударнiк-аўто".

— Дзядзька Сцяпан выйшаў на волю ў 1998 годзе, больш за паўстагоддзя нiхто з мясцовых жыхароў не ведаў пра яго iснаванне. Гэта была страшэнная сенсацыя ў Мончынцах, — кажа спадар Анатоль. — За дзесяць дзён да "вызвалення" памерла яго 73-гадовая сястра Малання. Толькi яна ведала пра iснаванне Сцяпана.

— З-за чаго чалавек амаль усё жыццё хаваўся ад людзей?

— Яны былi вельмi рэлiгiйныя. У пачатку Айчыннай вайны, iшоў 1942 год, хадзiлi пехам на святую зямлю ў Пачаеўскую лаўру. Вяртаючыся дадому, нагледзелiся на кроў, трупы, бамбёжкi. Дзядзька Сцяпан расказваў, што страшна перапужаўся i папрасiў сястру: "Я не пайду ваяваць, схавай мяне". Яна яго i схавала, а сама пайшла ў манастыр, каб нi з кiм не ажанiцца, захаваць сваю з братам таямнiцу. Усе гэтыя гады дзядзька Сцяпан сядзеў у хаце. Калi прыходзiлi госцi, хаваўся на гарышчы. Ён баяўся, што савецкая ўлада жорстка пакарае яго за "дэзерцiрства".

— Няўжо за паўстагоддзя нiхто анi разу не пабачыў Сцяпана Кавальчука?

— Нават я з дзядзькам перакрываў дах гэтага дома i не бачыў яго. Дзядзька Сцяпан збудаваў у хаце цэлую сетку хадоў — з гарышча ў сенцы, у пакоi i гэтак далей. Аднойчы я дапамагаў цётцы Маланнi калоць дровы i без папярэджання ўвайшоў у хату. Яна перапужалася i давай бiць па сцяне i прыгаворваць: "А кот! А кот!" Толькi праз гады я зразумеў, што гэта быў знак дзядзьку Сцяпану, каб той хаваўся.

— I чым "вязень" усе гэтыя гады займаўся?

— Каб не звар'яцець, сам перапiсваў царкоўныя кнiгi, але для канспiрацыi падпiсваў iх iмем сваёй сястры. Цётка Малання славiлася як найлепшая швачка, за дзень-два шыла добрыя сукенкi. Аказалася, што гэта дзядзька Сцяпан ёй дапамагаў.

"Каб не звар'яцець, дзядзька Сцяпан перапiсваў кнiжкi"

— А вам давялося паразмаўляць з "вязнем"?

Вясковец Генрых зняволiў сябе ў роднай хаце на 15 гадоў— Вядома! Ён выйшаў на волю сiвы, згорблены, падслепаваты, з грыжай, бо мяхi цягаў на гарышча. Але ў светлым розуме. Казаў мне, што гатовы днямi расказваць пра тое, як сваё жыццё загубiў, лепш бы пайшоў ваяваць. Казаў: "Хай бы мяне лепш забiлi на вайне, а так жыў дэзерцiрам, усё жыццё прайшло ў жаху". Цешыўся тым, што нарэшце выйшаў на волю. Зусiм не пiў, казаў, што не прывучаны да гэтага. Быў начытаны, дасведчаны ў палiтыцы. Казаў мне: "Толiк, помню, як ты босым бегаў па вулiцы, як плакаў, калi з горкi на санках з'язджаў. Як крычаў, калi хлеў бацькоўскi выпадкова падпалiў. Рос ты на маiх вачах". Вы, калi б з iм выпадкова паразмаўлялi, нiколi б не сказалi, што ён паўстагоддзя на гарышчы сядзеў. "Патух" дзядзька Сцяпан дзесьцi праз год пасля свайго вызвалення.

— Можа, гэты чалавек прарок цi святы?..

— Хутчэй, не ён, а яго сястра Малання. Яна ўсё жыццё прысвяцiла дзядзьку Сцяпану. Калi памiрала, то сказала маёй матулi, што праз месяц з сабой забярэ i майго бацьку Андрэя. Так яно i здарылася....

Анатоль Мiхайлюк прывёз у Мiнск на памяць дзве кнiжкi, перапiсаныя ад рукi i пераплеценыя дзядзькам Сцяпанам. Пагартаў гэтыя "Жыцiя святых", у якiх столькi болю, жаху i чакання, i карэспандэнт "Звязды". Звычайныя аркушы са школьнага сшытка, кардонны пераплёт, пакрыты тоўстым слоем фарбы... Цi варта ўсё гэта, каб жыць у няволi?

Сцяпан Кавальчук выходзiў са сваёй хаты толькi два разы ў жыццi. Адзiн раз абышоў сваю гаспадарку ўначы, другi раз — у сярэдзiне 70-х гадоў паехаў спавядацца ў царкву суседняга раёна. Тады ён першы i адзiны раз у жыццi праехаўся ў аўтобусе i паспрабаваў рукамi зачынiць аўтаматычныя дзверы. Паднялася лаянка, маўляў, дурань, навошта дзверы ламаеш, аўтобус затрымлiваеш! Перапужаўся. Гэта быў апошнi выхад у свет дзядзькi Сцяпана да яго канчатковага вызвалення.

Перад смерцю ў 1998 годзе Сцяпан Кавальчук сказаў маладому суседу Анатолю Мiхайлюку, што самае страшнае ў жыццi чалавека — няволя, а зноўку пабачыўшы сонца, ён наноў нарадзiўся на белы свет.

Яўген ВАЛОШЫН.

Фота аўтара.

Мiнск—Вострава—Мiнск.

←Жизнь Минска и минчан 21 октября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика