Спальня ў садку, як у... цягнiку?

Источник материала:  

У карэспандэнцкi пункт "Звязды" па Вiцебскай вобласцi ад iмя бацькоў дзетак звярнулася чытачка, маці выхаванца дзiцячага садка. вельмi яна здзiўленая тым, што ў садку папрасiлi... пашыць "чахол" для матраца, на якiм спiць яе дзiця. І iншыя пытаннi наконт так званага бацькоўскага фiнансавання садкоў таксама папрасiла высветлiць. Тыя чытачы — дзе б яны нi жылi, — у якiх ёсць малыя дзецi, зразумела, у курсе гэтых нюансаў i асаблiвасцяў выхавання ў садках.

— Раней чамусьцi пра гэту неабходнасць "чахлоў" нiхто не задумваўся, — расказвае чытачка. — А тут раптам мне сказалi, што санстанцыя патрабуе, каб абавязкова былi "чахлы". Патэлефанавала я сваiм сяброўкам, якiя жывуць у iншых раёнах абласнога цэнтра i дзецi якiх таксама наведваюць сад. I iх прасiлi зрабiць тое ж самае. Няўжо садкi такiя бедныя, што няма грошай на гэтыя мэты? I наогул, глядзiш тэлевiзар — чуеш: "Усё лепшае — дзецям!" Дзяржава, маўляў, вельмi клапоцiцца пра кожнае дзiця. А насамрэч як атрымлiваецца? Дзяржаўная дапамога па доглядзе дзiцяцi пасля таго, як яно пачынае наведваць садок, памяншаецца напалову. Бо лiчыцца, што яно ў садку на поўным пансiёне. Падкрэслiваецца пры гэтым, што плата за наведванне садка далёкая ад рэальных выдаткаў. Але ж у садку не хапае, напрыклад, цацак. Хочаш, каб дзiця малявала — купi фарбы, наборы паперы, трафарэт i гэтак далей. Каб ляпiць магло — купляй пластылiн...

Па каментарый я звярнуўся ў Вiцебскi гарадскi цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii.

— Сёлета прынятыя новыя гiгiенiчныя патрабаваннi, якiя датычацца работы ўстаноў дашкольнай адукацыi, — расказвае загадчыца аддзела гiгiены дзяцей i падлеткаў Валянцiна Уладзiмiраўна Шчамялёва. — Навошта гэтыя "чахлы" на матрацы? Гэта як у цягнiках на палiцах: каб абаранiць матрац ад забруджвання. Танней зрабiць "чахол", чым мяняць матрац, калi ён хутка зробiцца непрыдатным. Наконт таго, чаму раней гэта не патрабавалася, скажу наступнае. Час iдзе, прымаюцца новыя патрабаваннi, якiя дапамагаюць клапацiцца больш эфектыўна пра гiгiену... Наконт таго, што забяспечыць садок "чахламi" абавязаны менавiта бацькi, у дакуменце нiдзе не гаворыцца. Ёсць жа структуры забеспячэння садкоў, якiя могуць рашаць нюансы забеспячэння ўсiм неабходным...

Каб высветлiць, няўжо насамрэч садкам не хапае грошай на тыя ж "чахлы" i не толькi, папрасiў каментарый у аддзеле адукацыi Вiцебскага гарвыканкама ў спецыялiста, якi ў курсе пытанняў работы дашкольных устаноў.

— Мы не фiнансуем дашкольныя ўстановы. Яны фiнансуюцца раённымi аддзеламi адукацыi, — расказвае галоўны спецыялiст аддзела Ларыса Васiльеўна Арэхава.— Цi ёсць у iх грошы, крэдыты на мяккi iнвентар, — пра гэта лепш пацiкавiцца ў iх. Але адназначна скажу — нашымi загадамi, загадамi абласнога ўпраўлення адукацыi, усiмi дзейнымi на сёння лакальнымi нарматыўнымi актамi збор грошай з бацькоў катэгарычна забаронены ва ўстановах адукацыi...

— А як жа так званыя апякунскiя саветы? Праз iх i збiраюцца грошы.

— Гэта зусiм iншае. Гэта добраахвотныя ахвяраваннi. Калi апякунскi савет прыняў нейкае рашэнне, тады... Я ж не ведаю, што яны ў гэтым канкрэтным выпадку прынялi. Якраз функцыя апякунскага савета — узмацняць матэрыяльную базу. У якiм выглядзе будзе адбывацца такая "падтрымка", вызначаюць на савеце. Трэба ведаць пра канкрэтную ўстанову. Што там i як? Бацькi часта не так "падносяць" праблему. Пачынаеш разбiрацца — зусiм было не так. Наконт таго, што могуць узнiкнуць праблемы ў дзiцяцi, калi бацькi паскардзяцца на нешта. Таксама ёсць, натуральна... Лепш вам высветлiць сiтуацыю ў аддзеле адукацыi раёна, у якiм i знаходзiцца канкрэтны садок.

— Што датычыцца грошай (наконт фiнансавання садкоў — А.П.), многа грошай не бывае нiколi, — расказвае намеснiк начальнiка аддзела адукацыi адмiнiстрацыi Кастрычнiцкага раёна Вiцебска Алена Леанiдаўна Багдановiч. — Фiнансы выдзяляюцца на самыя неабходныя патрэбы — дахi, рамонт даху, рамонт тэхналагiчнага абсталявання, ад якога залежыць работа блокаў харчавання. На само харчаванне. На медыкаменты.

Што датычыцца "чахлоў" на матрацы. Ёсць пральня. Ёсць людзi, якiя адказваюць за ўсё гэта. Калi што парвалася, могуць адрамантаваць самi. Калi ж прапаноўваюць гэта зрабiць бацькам, гэта перагiбы на месцах...

— Не, раней "чахлы" наогул не патрабавалiся. Толькi сёлета. Летам прынялi адпаведныя патрабаваннi...

— Патрабаванне з'явiлася, як вы кажаце, у чэрвенi, а каштарыс "вярстаецца" ў студзенi. Дзе ўзяць сродкi на тое, каб выканаць распараджэнне? Яно выйшла, а ў бюджэце адпаведных грошай няма...

Нiякiх пабораў з бацькоў нi ў выглядзе грошай, нi ў выглядзе просьбаў наконт "чахлоў" на матрацы наогул быць не павiнна. Пад гэтым распараджэннем падпiсалiся ўсе дырэктары i ўсе загадчыкi.

— Просяць жа не грошай, а — "чахол".

— А калi ў наступны раз папросяць прынесцi офiснае крэсла? Разумееце? Наконт нюансаў фiнансавання, будзе накiраваны да нас лiст — апiшам дакладна, як фармiруюцца каштарысы: як, што, для чаго.

— А наконт той жа паперы?

— Мы ўжо хочам, каб дзяржава давала нам усё? Купляюць бацькi фарбы, карыстаецца дзiця iмi не год, а два. Нажнiцы — дзiця выразае iмi на працягу гадоў, пакуль ходзiць у садок. Цi вы як бацька не купiце свайму дзiцяцi альбом? На гэта грошы не выдзяляюцца цэнтралiзавана...

Па "чахлах" я з вамi згодная. А наконт паперы... Калi напiшаце лiст на iмя аддзела, бухгалтэрыя пра ўсё адкажа. Адказ пастараюцца падрыхтаваць на працягу двух дзён. У тым лiку i пра тое, колькi грошай выдзяляецца.

Калi сцiсла, то грошы выдзяляюцца зыходзячы з магчымасцяў гарадскога бюджэту. Горад выдзяляе нейкую канкрэтную суму на адукацыю нашага раёна. Сродкi выдзяляюцца ў цэлым, напрыклад, па дашкольнай адукацыi ёсць асобны артыкул. Па дашкольных установах на каляндарны год, а не асобна на дзiця... Гэта складаныя пытаннi бухгалтэрыi.

Апякунскi савет — орган калегiяльны. Там ёсць старшыня. На пасяджэннях прымаюцца любыя рашэннi — якую дапамогу ў якiм кiрунку трэба аказаць дашкольнай установе... Я, напрыклад, мацi дзiцяцi-выхаванца, магу аказаць дапамогу па пашыве "чахлоў". Можа, нехта iншы дапаможа ў касметычным рамонце. Гэта датычыцца i набыцця камп'ютара, iнтэрактыўнай дошкi для дзяцей, закупкi цацак.

Цяжка не пагадзiцца з абуранай мацi, якая лiчыць, што беларускiя садкi фiнансуюцца недастаткова. Тыя ж 20 тысяч рублёў на "чахол" для матраца. Мо для некаторых гэта i невялiкая сума. Але калi падлiчыць, прыплюсаваць, колькi патрацiць тая ж мацi на фарбы i на iншае, сума атрымлiваецца немалая. А калi мацi не працуе, мужа няма — сума проста вялiкая.

У сваю чаргу разумею i пазiцыю адказных асобаў — маўляў, нашы паважаныя бацькi хочуць, каб дзяржава поўнасцю трацiлася нават на тыя ж фарбы для заняткаў па маляваннi. Што гэта за пазiцыя "спажыўцоў"?

Думаецца, што праблема зусiм у iншым. Яшчэ ў савецкiя часы нас проста прывучылi да таго, што плацiм мы за той жа садок не столькi, колькi на яго выдаткоўваецца насамрэч. Але i тады, калi не памыляюся, былi "паборы" з бацькоў на тое, на iншае. Цяпер i цэны iншыя, на жаль, як i зарплаты. Асаблiва падчас крызiсу многiя пачалi лiчыць кожны рубель. Выйсце? У першы раз, прызнаюся, не ведаю, чым завяршыць артыкул. Тут трэба або зарплату даводзiць да ўзроўню, каб той жа апякунскi савет мог, не задумваючыся, прапаноўваць бацькам у чарговы раз "скiнуцца". Або насамрэч лепш фiнансаваць тыя ж садкi, а новыя патрабаваннi ўводзiць у дзеянне перад пачаткам каляндарнага года, а не ў працэсе, каб грошы былi закладзены на iх выкананне...

Падкажыце, чытачы, падзялiцеся думкамi.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

←Жизнь Минска и минчан 21 октября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика